ВІЛАНО́ВА (Villanova),

культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РГАНЦУ АКСІ́ДЫ,

аксіды, якія ўтварае марганец. Вядомыя: монааксід MnO, сесквіаксід Mn2O3, аксід Mn(II, III) Mn3O4, дыаксід MnO2, аксід Mn (VII) ці марганцавы ангідрыд Mn2O7. Дыаксід — самае пашыранае ў прыродзе злучэнне марганцу. Для MnO2 вядомыя 5 крышт. медыфікацый; найб. устойлівая β-MnΟ2 — мінерал піралюзіт. Іншыя М.а. таксама трапляюцца ў выглядзе мінералаў: MnO — манганазіт, α-Mn2O3 — курнаіт, β-Mn2O3 — біксбііт, Mn3O4гаўсманіт.

М.а. — крышт. рэчывы (акрамя Mn2O7 — масляная зялёная вадкасць, tпл 5,9 °C, шчыльн. 2400 кг/м³), не раствараюцца ў вадзе. Пры награванні вышэйшых М.а. вылучаецца кісларод і ўтвараюцца ніжэйшыя (меншай валентнасці) М.а. (напр., аксід Mn(IV) MnO2 раскладаецца пры т-ры каля 600 °C з утварэннем аксіду Mn(III) Mn2O3). Найб. шырока выкарыстоўваюць MnO2: для атрымання марганцу і яго злучэнняў, сікатываў, як дэпалярызатар у сухіх элементах, кампанент рудога пігменту (умбры) для фарбаў, акісляльнік у гідраметалургіі цынку, медзі, урану, для асвятлення шкла і інш.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)