ГОМАСТЫЛІ́Я (ад гома... + грэч. stylos слуп),
роўнаслупковасць, аднолькавая даўжыня слупкоў і тычынкавых нітак у кветках усіх асобін раслін дадзенага віду. Уласціва большай ч. кветкавых раслін. Гл. таксама Гетэрастылія.
т. 5, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПО́ЛАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
размнажэнне жывёл і раслін без апладнення. Ажыццяўляецца без удзелу палавых клетак, часта з дапамогай вегетатыўных органаў. Уласціва бактэрыям (дзяленне), аднаклетачным (дзяленне, фрагментацыя, пачкаванне і спораўтварэнне) і шматклетачным арганізмам (вегетатыўнае размнажэнне, спораўтварэнне, поліэмбрыянія). Ёсць у вышэйшых раслін, адсутнічае ў малюскаў, членістаногіх, пазваночных.
Адрозніваюць уласна бясполае размнажэнне — утварэнне спец. клетак — спораў, якія пры прарастанні даюць пачатак новаму арганізму, і вегетатыўнае размнажэнне. Патомства, якое атрымліваецца ў выніку бясполага размнажэння, генетычна аднароднае, што часта выкарыстоўваецца ў раслінаводстве для замацавання карысных якасцей гібрыдаў. Шэрагу арганізмаў уласціва чаргаванне бясполага размнажэння з палавым размнажэннем.
Р.Г.Заяц.
т. 3, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАФІ́ТНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ,
спосаб жыўлення раслін і грыбоў растворанымі неарганічнымі рэчывамі пры дапамозе іх транспарту праз паверхневыя структуры клеткі. Уласціва пераважна аўтатрофам (фотасінтэзавальным раслінам і хемасінтэзавальным бактэрыям). Гл. таксама Галазойнае жыўленне.
т. 4, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГА́МІЯ, халагамія (ад грэч. holos поўны, увесь + ...гамія),
прасцейшы тып палавога працэсу ў аднаклетачных арганізмаў, у час якога адбываецца зліццё дзвюх асобін (спец. палавыя клеткі не ўтвараюцца). Уласціва вальвоксавым водарасцям і ніжэйшым грыбам хітрыдыяміцэтам.
т. 4, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСПАТЫ́ЗМ (ад грэч. despoteia неабмежаваная ўлада),
форма неабмежаванай, абсалютнай, самадзяржаўнай улады, для якой уласціва поўнае самавольства, самаўпраўства, грубае і жорсткае падаўленне волі падданых і іх бяспраўе. Д. асабліва характэрны для абсалютных манархій (гл. таксама Дэспатыя).
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГО́НІЙ (ад аа... + грэч. gonē нараджэнне),
«жаночы» орган палавога размнажэння водарасцяў і некаторых грыбоў, якім уласціва аагамія. Звычайна складаецца з 1 клеткі, у якой утвараецца 1 або некалькі яйцаклетак. У харавых і некаторых інш. водарасцяў аагоній шматклетачны.
т. 1, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЗО́ЙНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ,
спосаб жыўлення жывёл і некаторых раслін пры дапамозе захопу (глытання) цвёрдых харч. рэчываў унутр цела арганізма; адзін з відаў гетэратрофнага жыўлення (гл. Гетэратрофы). Найб. пашырана сярод прасцейшых, уласціва і насякомаедным раслінам. Гл. таксама Галафітнае жыўленне.
т. 4, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАСЕМІ́Я (ад мона... + грэч. sema знак),
наяўнасць у слова ці інш. моўнай адзінкі толькі аднаго значэння. Звычайна монасемічнасць уласціва тэрмінам (напр., косінус, сінонім, саленоід). Слова, якое мае некалькі значэнняў, лічыцца полісемічным (гл. Полісемія).
П.П.Шуба.
т. 10, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДНАСЦЬ,
здольнасць хім. рэчываў (бактэрыцыды), фіз. і біял. фактараў (т-ра, іанізавальнае выпрамяненне, дзеянне ферментаў) выклікаць гібель бактэрый. Уласціва таксама сываратцы крыві, слязам, сліне, малаку, страўнікаваму соку, скуры чалавека і жывёлы. Бактэрыцыднасць раслін абумоўлена рэчывамі — фітанцыдамі, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбнай практыцы.
т. 2, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАФА́ГІ [ад мана... + ...фаг(і)],
арганізмы, якім уласціва жыўленне адным відам расліннага або жывёльнага корму. Пашыраны пераважна сярод беспазваночных арганізмаў (многія насякомыя, некаторыя малюскі, ракападобныя, чэрві, паразіты). У фауне Беларусі М. з’яўляюцца, напр., вошы і інш. крывасмокі, пёравыя кляшчы, пухаеды, многія віды даўганосікаў, тлі і інш.
т. 10, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)