КАПЕ́Ц,

1) найпрасцейшы тып коранеклубнясховішча, які наз. таксама бурт, штабель бульбы або агародніны, укладзены на паверхню глебы ці ў неглыбокі (0,2—0,5 м) катлаван і ўкрыты слоем саломы і зямлі.

Таўшчыня ўкрыцця залежыць ад кліматычнай зоны і звычайна роўная глыбіні прамярзання глебы. Шырыня К. для бульбы 1,8—2 м, для агародніны 1,5—2 м, даўжыня для бульбы 10—15 м, для морквы 3—4 м. Робяць К. на ўзвышаных участках рэльефу з пакатым схілам на лёгкіх ці сярэдніх глебах. Для механізаванага ўкрыцця выкарыстоўваюць спец. буртаўкрыўшчыкі. У К. добра захоўваюцца толькі якасныя і лежказдольныя караняплоды.

2) Пашыраная ў некаторых месцах Беларусі (пераважна на Палессі) назва стараж. курганоў.

3) Межавы знак у ВКЛ у 15—18 ст. у выглядзе землянога насыпу з дамешкамі камянёў, бітай керамікі, шкла і інш.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.

У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.

Лінейны электрарухавік: 1 — абмотка электрамагніта; 2 — рэактыўная рэйка (ротар); 3 — статарная абмотка; 4 — электрамагніт; 5 — накіравальная рэйка; 6 — каркас дарогі.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́Л (ням. Kapital першапачаткова — галоўная маёмасць, ад лац. capitalis галоўны),

пэўная сума сродкаў, якая дазваляе ўладальніку займацца прадпрымальніцтвам, перадаваць іх у пазыку і г. д.; сума накопленых матэрыяльных, грашовых, інтэлектуальных і інш. даброт. А.Сміт характарызаваў К. толькі як накоплены запас рэчаў і грошай, лічыў працу адзінай стваральніцай вартасці ў простай таварнай вытв-сці. З развіццём таварна-грашовых адносін працэс стварэння вартасці ўскладняўся, уцягваў і інш. фактары. Д.Рыкарда трактаваў К. як сродкі вытворчасці. К.Маркс лічыў К. самаўзрастаючай вартасцю, якая стварае прыбавачную вартасць, і даказваў, што К. — гэта не грошы; грошы становяцца К. толькі тады, калі на іх набываюцца сродкі вытв-сці і рабочая сіла, прычым стваральніцай прыросту вартасці (прыбавачнай вартасці) ён лічыў толькі працу наёмных рабочых.

К. — гэта грошы, якія пушчаны ў абарот і прыносяць ад гэтага даход (прыбытак). Яго ўсеагульная формула Г — Т — П, дзе Г — грашовыя сродкі, авансаваныя інвестарам, Т — тавар (купленыя сродкі вытв-сці, рабочая сіла і інш. элементы вытв-сці), П — прыбытак інвестара. Г — Т — затраты інвестара на закупку тавару. У формуле Г — Т — П грашовыя сродкі, укладзеныя ў вытв.-гандл. (камерцыйны) працэс, не затрачваюцца канчаткова, а толькі авансуюцца і вяртаюцца ўкладчыку (інвестару) з дадатковым даходам (П). На кожнай з 3 стадый К. прымае пэўную функцыянальную форму: на 1-й ён выступае як грашовы, на 2-й — як вытворчы, а на 3-й — як таварны К.

К., які адначасова існуе ў 3 функцыянальных формах, наз. прамысловым. Паводле формы ўкладання адрозніваюць прадпрымальніцкі К., укладзены ў розныя мерапрыемствы (праекты) шляхам прамых або партфельных інвестыцый, і пазыковы, дадзены ў пазыку на ўмовах зваротнасці і платнасці. Паводле аб’ектаў укладання К. падзяляецца на пастаянны, прызначаны (або затрачаны) на набыццё сродкаў вытв-сці, пераменны — на фарміраванне рабочай сілы; асноўны, укладзены ў асн. фонды, зваротны — у сродкі прадпрыемства, якія параўнальна лёгка трансфармуюцца ў наяўныя грошы (гатовая прадукцыя, вытв. запасы, дэбіторская запазычанасць, затраты будучых перыядаў і інш. элементы абаротных сродкаў). Сума асн. і абаротнага К. складае прадукцыйны К., а пастаяннага і пераменнага — авансаваны К., г. зн., прызначаны для набыцця сродкаў вытв-сці і фарміравання рабочай сілы. Адрозніваюць таксама венчурны К., які ўкладаецца ў аб’екты (праекты) з павышаным узроўнем рызыкі (напр., у новыя кампаніі навукаёмістых галін, інвестыцыі ў форме эмісіі новых акцый); акцыянерны К. — агульная сума акцый, ухваленых да выпуску або фактычна выпушчаных акц. т-вам; статутны К. — сума вытв. фондаў прадпрыемства, укладаў уласнікаў або ўдзельнікаў акц. т-ваў, якая фіксуецца ў іх статуце і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні і распараджэнні.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Балабанов И.Т. Основы финансового менеджмента. М., 1997;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА электрычная машына, якая ператварае энергію мех. ў эл. пераменнага току (генератар), эл. энергію пераменнага току ў мех. (рухавік) або ў эл. энергію інш. напружання ці частаты (пераўтваральнік). Бываюць сінхронныя (найчасцей выкарыстоўваюцца як генератары; гл. Сінхронная машына) і асінхронныя (калектарныя машыны і бескалектарныя, найчасцей выкарыстоўваюцца як рухавікі; гл. Асінхронная машына); адна- і мнагафазныя. Сінхронныя і асінхронныя П.т.м. абарачальныя: могуць працаваць у рэжыме генератара і рухавіка. З’яўляюцца таксама састаўной ч. электрамашынных каскадаў (гл. ў арт. Каскад) і выкарыстоўваюцца як мікраэлектрамашыны.

Генератары пераменнага току (ГПТ) падзяляюцца на асінхронныя генератары (мелі абмежаванае выкарыстанне, пераважна ў аўтаномных сістэмах электрасілкавання) і сінхронныя генератары (да 1970-х т. амаль цалкам замянілі асінхронныя). Магутныя ГПТ устанаўліваюць на электрастанцыях (гідрагенератары, турбагенератары), невял. магутнасці — у сістэмах аўтаномнага энергазабеспячэння (на дызельных электрастанцыях, газатурбінных электрастанцыях), у пераўтваральніках электрычных. Рухавікі пераменнага току (РПТ) — падзяляюцца на асінхронныя электрарухавікі (найб. пашыраны 3-фазныя з каротказамкнутым ротарам) і сінхронныя электрарухавікі (выкарыстоўваюцца ў электрапрыводах і для кампенсацыі рэактыўнай Магутнасці ў эл. сетках). Разнавіднасць РПТ — лінейны электрарухавік, які ператварае эл. энергію ў механічную без вярчальных частак (па незамкнёнай лініі). Спец. тып П.т.м. — мікрамашыны магутнасцю ад долей вата да соцень ват. Гэта мікрарухавікі, тахагенератары, паваротныя трансфарматары, сельсіны і інш. (бываюць і пастаяннага току). Частата вярчэння ротара да 300 тыс. аб/мін. Выкарыстоўваюцца ў механізмах прывода і кіравання лятальных апаратаў, суднаў, электра- і радыёпрыладах і інш.

У.​М.​Сацута.

Прынцыповая схема пераменнага току машыны: A, B — кольцы з накладзенымі на іх шчоткамі, да якіх падключаецца вонкавы ланцуг; N, S — нерухомыя полюсы пастаяннага магніта; abcd — віток правадніка, укладзены на ферамагнітны асяродак.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст.пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)