ІНВЕСТЫ́ЦЫЯ (ням. Investition ад лац. investio апранаю, надзяваю),

доўгатэрміновае ўкладанне сродкаў (грашовых, матэрыяльных), інтэлектуальнай уласнасці ў розныя праекты з мэтай развіцця вытв-сці, прадпрымальніцтва, атрымання прыбытку або інш. канчатковых вынікаў (напр., прыродаахоўных, сацыяльных). Падзяляюцца на рэальныя, партфельныя, інтэлектуальныя і інш. Рэальныя або прамыя І. — укладанне сродкаў (капіталу) непасрэдна ў сродкі вытв-сці і прадметы спажывання, якія ўдзельнічаюць у вытв. працэсе. Партфельныя І. — укладанне капіталу ў каштоўныя паперы (акцыі, аблігацыі і інш.) з мэтай фарміравання і кіравання інвестарам аптымальным інвестыцыйным партфелем. Інтэлектуальныя (нематэрыяльныя) І. — выдаткі на набыццё патэнтаў, ліцэнзій, «ноў-хаў», падрыхтоўку персаналу, укладанні ў н.-д. распрацоўкі, рэкламу і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЬЦ (Schultz) Тэадор Уільям (30.4.1902, г. Арлінгтан, ЗША — 26.2.1998),

амерыканскі эканаміст; прадстаўнік Чыкагскай школы ў палітэканоміі. Чл. Нац. АН ЗША, чл.-заснавальнік Нац. акадэміі адукацыі. Д-р н. па эканоміцы сельскай гаспадаркі. Вучыўся ў Калумбійскім і Вісконсінскім ун-тах. З 1943 праф. Чыкагскага ун-та (у 1952—73 заг. кафедры), дырэктар Нац. бюро эканам. даследаванняў (1949—67), прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі (з 1960). Навук. працы па праблемах эканомікі, выкарыстання прац. рэсурсаў у сельскай гаспадарцы ЗША і краін, якія сталі на шлях развіцця. Адзін з аўтараў тэорыі «чалавечага капіталу», паводле якой дынамічнасць і эфектыўнасць эканомікі залежаць ад інвестыцый у чалавека — на яго адукацыю і прафес. рост, у сферу аховы здароўя і навукі («Укладанні ў чалавечы капітал», 1971). На яго думку, адукацыя павышае прадукцыйнасць працы індывідуума і эканам. каштоўнасць яго часу («Эканамічная каштоўнасць адукацыі», 1963). Асабліва цікавіўся праблемамі адукацыі жанчын і моладзі, развіцця бедных агр. народаў («Меры для эканамічнага развіцця неразвітых краін», 1951). Аўтар прац «Пераўтвараючы традыцыйную сельскую гаспадарку» (1964), «Чалавечыя рэсурсы, чалавечы капітал» (1972), «Інвестыцыі ў людзей: Эканоміка якасці насельніцтва» (1981) і інш. Нобелеўская прэмія 1979 (з У.А.Льюісам).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,

галіна бел. літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.​Купалы.

Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.​Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.​Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.​Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.​Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.​Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.​Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.​Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.​Купалы ў той час выказвалі С.​Палуян, Л.​Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.​Купалы даў М.​Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.​Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.​Купалы М.​Горкім, А.​Пагодзіным, І.​Свянціцкім, Д.​Дарашэнкам, Л.​Гірам, В.​Вегняровічам, С.​Руднянскім, Е.​Янкоўскім, А.​Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.​Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.​Купалам фальклору. Я.​Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.​Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.​Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.​Купалы зрабіў А.​Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.​Купалы — арт. М.​Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал. матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.​Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.​Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.​Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.​Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.​Купалы разглядаў І.​Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.​Купалы звяртаў увагу М.​Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.​Купалу з Т.​Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв. нац. рамантызмам. Ц.​Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.​Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.​Бэндэ, А.​Кучар. М.​Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.​Купалы звярнуўся Я.​Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.​Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.​Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.​Багушэвіча (Я.​Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.​Перкін, Шарахоўскі, І.​Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.​Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.​Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.​Коласа, К.​Чорнага, С.​Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.​Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.

Спадчына Я.​Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.​Купалы (М.​Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.​Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.​Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.​Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.​Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.​Коласа, М.​Лынькова, В.​Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.​Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.​Александровіч, Івашын, М.​Ларчанка, К.​Корсакас, М.​Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.​Юрэвіч, В.​Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.​Палітыка, М.​Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.​Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.​Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.​Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.​Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.​Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.​Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.​Лойка, В.​Каваленка, У.​Калеснік, У.​Казбярук, У.​Конан, М.​Арочка), структуры верша (Грынчык, І.​Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.​Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.​Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.​Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.​Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.​Купалы і Я.​Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.​Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.​Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.​Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.​С.​Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.​Кісялёў). В.​Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).

Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.​Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.​Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.​Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.​Купалы (А.​Сабалеўскі, Я.​Саламевіч, Б.​Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.​Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.​Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.​Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.​Метэрлінка, К.​Гамсуна, Г.​Гаўптмана, Ж.​П.​Сартра, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Дж.​Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.​Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.​Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.​Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).

К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.​Пяткевіча і Ч.​Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.​Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.​Грыб, Ф.​Грышкевіч, А.​Чэрны), Польшчы (А.​Баршчэўскі), Германіі (А.​Адамовіч, Я.​Запруднік, Х.​Ільяшэвіч, Я.​Карскі, М.​Куліковіч, М.​Маскалік, С.​Станкевіч), ЗША (Ю.​Віцьбіч, М.​Кавыль, М.​Панькоў, В.​Тумаш), Канадзе (К.​Акула, В.​Жук-Грышкевіч, У.​Сядура, С.​Хмара), Італіі (П.​Татарыновіч, В.​Сянкевіч), Англіі (А.​Макмілін, А.​Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.​Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.​Купалу выступілі Ю.​Віцьбіч, Я.​Кіпель, Куліковіч, І.​Плашчынскі, І.​Рытар, А.​Савёнак, З.​Станкевіч, М.​Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.​Калубовіч) і кн. С.​Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».

Літ.:

Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;

Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;

Сіненка Г.Д. Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;

Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр. Мн., 1980;

Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;

Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985.

І.​Э.​Багдановіч, І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Прамысловасць — асноўная галіна эканомікі Беларусі, на долю якой прыпадае каля 30% валавога ўнутр. прадукту, 32% кошту асн. фондаў, 26,2% усіх занятых у нар. гаспадарцы. Яна ўключае больш за 24 тыс. прамысл. прадпрыемстваў і вытворчасцей. У сукупнасці яны складаюць 70 галін і падгалін прамысловасці. Дамінуючае становішча на таварных рынках рэспублікі займаюць узбуйненыя галіны прамысловасці: паліўная, металургічная, хім. і нафтахім., машынабудаванне і металаапрацоўка, лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая і харчовая.

Гісторыя, спецыялізацыя і размяшчэнне. Станаўленне прамысловасці як самаст. галіны грамадскай вытворчасці пачалося з аддзялення рамяства ад земляробства У 1720-я г. ўзніклі першыя мануфактуры, у т. л. Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры. Напр., на Налібоцкай мануфактуры ў 1748 працавала больш за 100 чалавек, выпускалася 100 відаў прадукцыі. Потым узніклі Нясвіжская і Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18 ст. іх было больш за 50. У 19 ст. ўзніклі першыя фабрыкі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая амаль удвая пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. З 1860 па 1890 колькасць рамесных майстэрняў павялічылася з 20,2 да 58,1 тыс., рабочых на іх — з 30,4 да 110 тыс., аб’ём выпуску прадукцыі — з 4,3 да 14,1 млн. руб. 63% рамеснікаў знаходзілася ў мястэчках, 37% — у гарадах У харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці колькасць дробных прадпрыемстваў вырасла з 7,8 да 17,1 тыс., рабочых на іх — з 2364 да 65,5 тыс., аб’ём вытворчасці — з 14 да 44 млн. руб. На базе рамесных майстэрняў узнікалі капіталіст. мануфактуры. За парэформенны час іх колькасць павялічылася з 140 да 760, сярод іх былі 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166 харчовых, на іх працавала 28,8 тыс. рабочых Характэрная рыса развіцця прамысловасці таго перыяду — хуткі рост фабрык і заводаў. У 1890-я г. фабрычна-заводскія прадпрыемствы давалі палавіну ўсёй прамысл. прадукцыі. Аднак узровень яе канцэнтрацыі на Беларусі быў ніжэйшы, чым у цэлым па Рас. імперыі. Тут пераважалі сярэднія і дробныя прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш за 50 чалавек. У канцы 19 ст. яны складалі 85,5% ад прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці (па Расіі — 70,5%). Але фабрык і заводаў, дзе працавала больш за 500 рабочых, было толькі 9, або 1% ад агульнай іх колькасці (па Расіі — 3,5%). Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне акц. кампаній. У канцы 19 ст. на Беларусі дзейнічала 10 акц. т-ваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы («Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Таварыства віцебскіх водаправодаў», бельгійскае акц. т-ва «Віцебскі трамвай» і інш.).

Бел. прамысловасць спецыялізавалася на перапрацоўцы мясц. с.-г., лясной і мінеральнай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне пераважна ў сельскай мясцовасці. У парэформенны час у гарадах выраблялася каля 31% усёй прадукцыі. У час крызісу 1900—03 і дэпрэсіі 1904—08 бел. прадпрыемствы менш пацярпелі, чым у цэлым па Расіі. Наступны эканам. ўздым працягваўся да 1-й сусв. вайны. Сярэднегадавы рост фабрычна-заводскай прадукцыі за гэты перыяд склаў 13,9%. Вядучымі галінамі ў 1913 заставаліся харчовая прамысловасць (яе ўдзельная вага складала 26% ад аб’ёму буйной прамысловасці), лесанарыхтоўкі і сплаў (16,8%), дрэваапрацоўчая (16,1%), папяровая (7%), чыгуначныя і рамонтныя майстэрні (5,8%), шкляная (5,7%), тэкстыльная (4,8%), металаапрацоўчая (3,8%).

З пач. 20 ст. на тэр. Беларусі пачалі ўзнікаць прамысл. манапалістычныя аб’яднанні (напр., камітэт запалкавых фабрыкантаў Зах. краю, Віцебскі сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы). Развіццё прамысловасці спрыяла росту гар. насельніцтва, асабліва рабочых. У 1913 у Мінску дзейнічала 69 цэнзавых прадпрыемстваў (5 тыс. рабочых) у Віцебску — 45 (3,9 тыс.), у Гродне — 19 (2,3 тыс.). Прамысл. цэнтрамі станавіліся Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Орша. З 1900 да 1913 колькасць рабочых на прадпрыемствах павялічылася з 31 тыс. да 57 тыс., або на 76,6%. Агульная колькасць асоб наёмнай працы ў Беларусі дасягнула 514 тыс. чалавек.

За гады 1-й сусв. вайны галіновая структура прамысловасці Беларусі значна змянілася. Амаль спынілі дзейнасць вінакурна-гарэлачныя прадпрыемствы, скарацілі вытворчасць цагельна-чарапічныя, кафельныя, суконныя фабрыкі і заводы. Швейная, абутковая, ільнопрадзільная, тытунёвая, хім. і харч. галіны пачалі працаваць на патрэбы фронту. Вытворчасць прадукцыі для цывільнага насельніцтва рэзка скарацілася. Колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ў 1917 у параўнанні з 1913 ва ўсх. частцы Беларусі скарацілася з 822 да 297, або ў 2,7 раза, вытворчасць прадукцыі на іх складала ўсяго 15—16% даваен. ўзроўню. Пасля грамадз. вайны і ваеннай інтэрвенцыі на Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% рабочых даваен. часу. Агульны аб’ём валавой прадукцыі ўсёй прамысловасці ў БССР у 1922 склаў каля 15—20% да ўзроўню 1913, амаль удвая скарацілася магутнасць мех. рухавікоў. Аднаўленне прамысловасці адбывалася ва ўмовах новай эканам. палітыкі, калі стымулявалася развіццё пераважна дробнай і сярэдняй прамысловасці, каап. прадпрыемстваў. Пад прыватныя кіраванне і здачу ў арэнду былі вернуты раней нацыяналізаваныя фабрыкі і заводы, на іх долю прыпадала да 25% прамысл. прадукцыі. Многія буйныя прадпрыемствы былі зняты з дзяржбюджэту і пераведзены на гаспразлік. Да 1925 валавая прадукцыя буйной прамысловасці ў БССР перасягнула ўзровень 1913 на 25,5%. Доля дзярж. сектара ў буйной прамысловасці ў пач. 1926 склала 96,8%. Значнае развіццё атрымала металаапрацоўчая галіна, вытворчасць якой з 1923 да 1925 павялічылася больш чым у 5 разоў Праведзены работы па электрыфікацыі: калі ў 1913 электрастанцыі меліся толькі ў Мінску, Магілёве, Полацку і Клімавічах, то ў 1925 яны былі ва ўсіх акруговых цэнтрах; у 1925—26 дзейнічала 40 электрастанцый. У дробнай прамысловасці ў 1926 было занята 73% рабочых, а па валавой прадукцыі на яе долю прыпадала каля 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі заставаліся харчовая, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, мінералаў. У 1920-я г. пачалося буд-ва шэрагу буйных прадпрыемстваў (Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, «Гомсельмаш», Магілёўская фабрыка штучнага шоўку і інш.).

У канцы 1920-х г. у прамысловасці БССР узяты курс на фарсіраваную індустрыялізацыю. За гады 1-й пяцігодкі (1928—32) агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі склаў 243 млн. руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў у 5,3 раза. З гэтай сумы на новае буд-ва было выдаткавана 58,8%, на расшырэнне і рэканструкцыю прадпрыемстваў — 38,6%. Асаблівая ўвага звярталася на развіццё такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная Адначасова планавалася развіццё машынабудавання для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці буд. матэрыялаў. Пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў. За гады 2-й пяцігодкі (1933—37) пабудавана 1700 заводаў і фабрык, каля 90 прадпрыемстваў рэканструявана. Сярод іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, трубаліцейны завод у Магілёве, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мінская ЦЭЦ-2. Узніклі новыя галіны прамысловасці. станкабудаванне, хімічная, с.-г. машынабудаванне, вытворчасць стандартных будынкаў і інш. Аб’ём прамысл. вытворчасці за гады даваен. пяцігодак па БССР павялічыўся больш, чым у 6 разоў (па СССР — у 7,7 раза). Колькасць рабочых на 1000 чалавек насельніцтва да пач. 1940 павялічылася ў параўнанні з 1926 у 9,1 раза (па СССР — у 4 разы). На долю БССР прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, больш за 10% станкоў. Па вытворчасці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку. Аднак у кіраўніцтве прамысловасцю ўсталяваліся цэнтралізм і валюнтарысцкія метады, эканам. стымулы і гасп. разлік пачалі саступаць месца каманднай эканоміцы, што зніжала тэмпы развіцця прамысловасці. Так, план па валавой прадукцыі ў 1-й пяцігодцы выкананы толькі на 79%, павялічыўся яе сабекошт Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці вырасла ўсяго на 15% замест 33, прадугледжаных планам. Склаўся эканам. механізм, які найперш забяспечваў выкананне колькасных паказчыкаў; якасць прадукцыі і фін. эфектыўнасць адыходзілі на другі план. Такое гаспадаранне абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў: у вытворчасць уцягваліся ўсё новыя дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.

У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, у 1926 налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых больш за 20 чал., у т. л. 19 — больш за 100 рабочых (шклозавод «Нёман» у Навагрудскім пав., запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, тытунёвая ф-ка ў Гродне, ф-ка гумавых вырабаў у Лідзе, фанерныя ф-кі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы і інш.). На іх было занята каля 8 тыс. рабочых. Да 1928 колькасць дзеючых у Зах. Беларусі прадпрыемстваў і занятых у іх рабочых наблізілася да ўзроўню 1913.

У час эканам. крызісу 1929—33 спынілі дзейнасць 230 прадпрыемстваў, колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася на 46%, прадукцыя прамысловасці — на 30—40%. Пасля эканам. крызісу ў заходнебел. індустрыі ўзмацніліся працэсы канцэнтрацыі вытворчасці. Калі ў 1928 на долю сярэдняй і буйной прамысловасці прыпадала 10,7% агульнай колькасці прадпрыемстваў і 66,1% рабочых, то ў 1938 — адпаведна 13,5 і 80,6%. Колькасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці і працуючых на іх у 1939 больш чым у 2 разы перавышала ўзровень 1913.

У пач. Вял. Айч. вайны адбылося перабазіраванне абсталявання прадпрыемстваў і маёмасці ў сав. тыл. З Беларусі на Урал, у Паволжа, Сярэднюю Азію і Сібір поўнасцю або часткова эвакуіравана абсталяванне больш як 130 заводаў і фабрык. У выніку вайны і акупацыі прамысловасці Беларусі прычынены велізарныя страты. Гітлераўцы знішчылі ці вывезлі ў Германію 10 338 прадпрыемстваў. На тэр. рэспублікі пасля яе вызвалення дзейнічала толькі 2% энергетычных магутнасцей. Прамысловасць адкінута да ўзроўню 1913. Аднаўленчыя работы пачаліся пасля вызвалення ўсх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943. Да мая 1945, калі завяршылася вайна, было ўведзена ў дзеянне 12 тыс. прамысл. аб’ектаў. Аднак аб’ём іх прадукцыі склаў толькі 20,4% даваен. ўзроўню, а прадукцыйнасць працы ў прамысловасці — 47%.

У пасляваенны перыяд адраджэнне прамысловасці ішло хуткімі тэмпамі. Ужо ў 1-м квартале 1949 прамысл. вытворчасць рэспублікі дасягнула ўзроўню 1940, а да канца 4-й пяцігодкі (1946—50) павялічылася ў параўнанні з даваен. часам на 15%, што было ў 5,7 раза больш, чым у 1945. Адначасова адбыліся значныя змены ў структуры прамысл. вытворчасці. Зніжалася ўдзельная вага пераважных да вайны галін — лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём металаапрацоўкі за гады 4-й пяцігодкі вырас у 2,4 раза, а прадукцыя машынабудавання — у 3,4 раза Колькасць рабочых і служачых павялічылася з 610 тыс. да 1038 тыс. чалавек, што склала толькі 19% даваен. перыяду. За 1945—50 у БССР пабудавана 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, у іх ліку Салігорскі калійны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы з-д, суперфасфатны з-д у Гомелі. Новыя прадпрыемствы будаваліся на даволі высокім узроўні тэхн. і тэхнал. аснашчанасці, што ў далейшым вызначыла адносна хуткія тэмпы яе развіцця і прыкметнае месца ў сістэме агульнасаюзнага падзелу працы.

У 1950—60-я г. прамысловасць развівалася і за кошт расшырэння дзеючых прадпрыемстваў, і за кошт буд-ва новых. За 5-ю пяцігодку (1951—55) асн. вытв. фонды прамысловасці павялічыліся на 64,6%, аб’ём прамысл. вытворчасці вырас у 2,1 раза. Высокімі тэмпамі нарошчваліся магутнасці машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1955 Беларусь давала 11,2% трактароў, 9,6% металарэзных станкоў, 3,9 % аўтамабіляў агульнасаюзнай вытворчасці. Расла і вытворчасць тавараў нар. спажывання. Выпуск прадукцыі харч. прамысловасці вырас у 1,8 раза, цукру — у 6,8, гадзіннікаў — у 2,8, тэлевізараў — у 28 разоў. У дзеянне ўведзены такія буйнейшыя прадпрыемствы, як Бярозаўская ДРЭС, Бел. аўтамаб., Мінскі маторны з-ды, Полацкі нафтаперапрацоўчы, 1-ы Салігорскі калійны камбінат, Светлагорскі з-д штучнага валакна і інш. Адбывалася далейшая канцэнтрацыя прамысл. вытворчасці, паглыбляліся спецыялізацыя і камбінаванне прамысловасці. На буйных прадпрыемствах, дзе колькасць работнікаў перавышала 1 тыс. чал., у 1965 выраблялася 48% усёй прамысл. прадукцыі і было занята 46% прамысл.-вытв. персаналу рэспублікі. З 1963 пачалі стварацца вытворчыя аб’яднанні. У 1965 14 аб’яднанняў ахоплівалі 47 прадпрыемстваў, дзе было занята 47 тыс. чалавек. У сярэдзіне 1960-х г. на прамысл. прадпрыемствах Беларусі дзейнічала каля 1000 паточных і 1748 паточна-механізаваных ліній.

У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. уведзена ў дзеянне больш як 170 фабрык і заводаў, у т. л. Беларускі шынны, Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінаты, Бел. металургічны і Аршанскі інструментальны з-ды, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харч. прамысловасці. Расла вытворчасць прадукцыі тых галін, якія вызначалі навук.-тэхн. прагрэс, асабліва прыладабудавання, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці, вытворчасці сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80-я г. вырасла з 5,5 да 16%, электроннай і радыётэхнічнай — з 11,3 да 25%. З 1970 па 1985 прамысловасць Беларусі асвоіла серыйны выпуск 2197 новых тыпаў машын, абсталявання, прылад, прыбораў, апаратаў і матэрыялаў. Сярод іх ЭВМ 3-га і 4-га пакаленняў, станкі з асабліва высокай ступенню дакладнасці, каляровыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі і інш. Да 1985 на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю пераведзена 227 прадпрыемстваў і 4100 вытворчасцей, цэхаў і ўчасткаў, дзейнічалі 8131 механізаваная і 1749 аўтаматызаваных ліній. У параўнанні з 1970 прадукцыя прамысловасці павялічылася больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3, вытворчасць прадметаў ужытку — у 2,6 раза. Гэтыя паказчыкі былі адны з самых высокіх у СССР. Разам з тым існуючы гасп. механізм з дырэктыўнымі метадамі кіравання, цэнтралізаваным планаваннем і размеркаваннем прадукцыі, жорсткай рэгламентацыяй дзейнасці прадпрыемстваў ператварыўся ў тормаз на шляху развіцця прадукцыйных сіл, перашкаджаў укараненню дасягненняў навук.-тэхн. рэвалюцыі ў вытворчасць. Тэрмін асваення і выпуску новай прадукцыі расцягваўся на дзесяцігоддзі, распрацоўкі бел. інжынераў і навукоўцаў хутчэй укаранялі за мяжой, чым у нашай краіне. У выніку тэмпы росту прадукцыі прамысловасці Беларусі знізіліся з 10,4% у 9-й пяцігодцы да 5,4% у 11-й, прадукцыйнасці працы — адпаведна з 7,4 да 5,3%.

У 1991—95 ва ўмовах крызісных з’яў у эканоміцы на 40,9% скараціўся аб’ём выпуску прамысл. прадукцыі, а з улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі ён скараціўся амаль удвая. На рэзкае абвастрэнне праблемы збыту прадукцыі негатыўна ўплывалі падаражанне матэрыяльных рэсурсаў, неплацяжы, нізкая канкурэнтаздольнасць прадукцыі ў выніку скарачэння інвестыцый у навуку, новыя тэхналогіі, страты традыц. рынкаў збыту.

У 2003 21,8% прамысл. прадукцыі прыпадала на долю машынабудавання і металаапрацоўкі, 17,2% — харч. прамысловасці, 12,1% — хім. і нафтахім., 7,3% — электраэнергетыкі, 6,3% — лёгкай, 5,4% — лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Рэфармаванне эканомікі, у т. л. прамысловасці Беларусі, выклікала яе адноснае ажыўленне. У 2000 перасягнуты паказчыкі дакрызіснага 1990 па аб’ёме вытворчасці прамысловасці. Каля 70% неабходных бел. прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі рэалізуецца на рынках 17 краін. Высокай застаецца колькасць стратных прадпрыемстваў — на 1.1.2003 іх доля складала 32,9%. З-за недахопу інвестыцый крытычнага ўзроўню дасягнула фіз. і маральная ўстарэласць актыўнай часткі асн. вытворчых фондаў (70—80%). У цэлым па краіне на 1.1.2003 узровень запасаў гатовай прадукцыі складаў 67% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў параўнанні з 63,8% на 1.1.2002. Найб. ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі прыпадала на прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (43,9%), хім. і нафтахім. (13,4%), лёгкай (12,9), харчовай (12,7%) прамысловасці. Найб. ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў у лёгкай (47,9%), буд. матэрыялаў (45,5%) і харч. (38,2%) прамысловасці. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг прамысл. прадпрыемстваў склала ў 2003 12,0% (гл. табл. 1) супраць 15,8% у 2000. Аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 32 382 млн. руб., у т. л. вытворчасць спажывецкіх тавараў — 10 316 млн. руб. Прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі ў параўнанні з 2002 павялічыўся больш чым напалову і склаў 2 834 млн. руб. (гл. табл. 1). Колькасць вырабленай прамысловымі прадпрыемствамі прадукцыі ў 2003 павялічылася на 107%, спажывецкіх тавараў на 107,8% (гл. табл. 2).

Для пераводу прамысл. комплексу Беларусі на сусв. ўзровень эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі патрабуецца кардынальная мадэрнізацыя вытв. фондаў на аснове найноўшых дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Перспектывы далейшага развіцця прамысловасці звязаны з рэалізацыяй мерапрыемстваў Канцэпцыі і Праграмы развіцця прамысл. комплексу Беларусі на 1998—2015. Яны накіраваны на ажыццяўленне карэннай рэканструкцыі вытворчасці, замену і мадэрнізацыю асн. абсталявання, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешнім і ўнутр. рынках, зніжэнне выдаткаў вытворчасці і павышэнне рэнтабельнасці на базе ўкаранення новых высокаэфектыўных відаў абсталявання і тэхналогій.

Літ.:

Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1981 гг.). Мн., 1966;

Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Никитенко П.Г. Интенсификация производства и фондоемкость продукции. Мн., 1981;

Шыбека З.В. Гарады Беларуси (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;

Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX ст. Мн., 2001;

Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;

Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;

Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.

А.​М.​Сасім.

Беларускі металургічны камбінат. Электрасталеліцейны цэх.

т. 18, кн. 2, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)