МІНАНО́СЕЦ,

клас баявых надводных караблёў, прызначаных для знішчэння суднаў мінна-тарпеднай зброяй. Меў для самаабароны дробнакаліберныя гарматы або мітральезы (карцечніцы). Папярэднікі М. — катэры з жэрдкавымі мінамі, якія выкарыстоўваліся ў грамадз. вайну 1861—65 у ЗША і рус.-тур. вайну 1877—78, і мінаноскі — невял. караблі для дзеянняў каля берагоў, узброеныя самарушнымі мінамі — тарпедамі. Удасканальванне М. прывяло да стварэння мінных крэйсераў (канец 19 ст.), эскадраных мінаносцаў (перад 1-й сусв. вайной).

Р.К.Паўловіч.

Першы расійскі мінаносец «Узрыў». 1877.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМАДЗІ́ЕЎ (Фазлідзін) (15.6.1928, г. Самарканд, Узбекістан — 6.10.1986),

таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Друкаваўся з 1955. У кнігах нарысаў і апавяданняў «Перасяленцы» (1959), «Сад кахання» (1969), аповесцях «Узрыў, якога не было» (1961), «Домік на ўскраіне» (1962), «Зайнабібі» (1964), «Падарожжа на той свет, або Аповесць пра вялікага Хаджу» (1966), «Японскі шоўк» (1982), рамане «Вуглавая палата» (1974) надзённыя сац.-паліт. і маральна-этычныя праблемы. У творах спалучаў лірызм і тонкі гумар, паглыблены псіхалагізм, публіцыстычны пафас і дакументалізм. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Стральцоў, Г.Ткачова.

Тв.:

Рус. пер. — Повести. Рассказы. М., 1976.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІГА́Н ((Beligan) Раду) (н. 14.12.1918),

румынскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. Румыніі (1962). Скончыў Бухарэсцкую кансерваторыю. Стварыў Т-р камедыі ў Бухарэсце, кіраваў ім. З 1968 маст. кіраўнік Нац. т-ра імя І.Л.Караджале. Лірыка-камедыйны акцёр. У 1940—50-я г. ў камедыях Караджале выконваў ролі: Вентурыяна («Бурная ноч»), Данданаке («Згубленае пісьмо»; абедзве і ў кіно), Кандыдат («У дні карнавалу»); стварыў глыбока псіхал. вобразы Мірою («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Кавафу («Узвар’яванае ягня» А.Барангі), Тузенбаха («Тры сястры» А.Чэхава, Дзярж. прэмія Румыніі 1950), Хлестакова («Рэвізор» М.Гогаля). Выступае і як тэатр. рэжысёр. Здымаўся таксама ў кінафільмах «Звініць даліна», «Афера Протар», «Узрыў», «Гняздо саламандраў», «Партрэт пакалення» і інш.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКАГА КАМСАМО́ЛЬСКАГА ПАДПО́ЛЛЯ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1965 у г. п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. як музей камсам. славы; да 1989 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны, з 1985 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 150 м², 1019 адзінак асн. фонду, 4 залы (2000). Сярод экспанатаў асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі з даваен. жыцця членаў Обальскага камсамольскага падполля, матэрыялы пра яго стварэнне і дзейнасць, карта-схема развіцця партыз. руху, схема дыверсій, інтэр’ер кватэры кіраўніка падполля Е.С.Зяньковай, карціна А.Каржанеўскага «Обальскія падпольшчыкі», літаграфіі Ю.Пучынскага «Мініраванне шашы», «Узрыў вадакачкі», матэрыялы пра ўвекавечанне памяці обальскіх падпольшчыкаў, бюсты Герояў Сав. Саюза Зяньковай і З.М.Партновай.

Н.А.Азаліна.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)