ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,
працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ВЕРШ,
нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.Танк («Люцыян Таполя») і інш.
І.Ф.Штэйнер.
т. 3, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЫЁ (ад лац. radio выпрамяняю),
спосаб перадачы інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца з 1920-х г.
7.5.1895 А.С.Папоў прадэманстраваў Рускаму фіз.-хім. т-ву маланкаадзначнік (разрадаадзначнік) — першы ў свеце радыёпрыёмнік. У 1896 Г.Марконі таксама выкарыстаў эл.-магн. ваганні для радыёсувязі (перадатчык і прыёмнік Марконі паўтаралі прынцып апаратаў Папова). Першы перыяд развіцця Р. характарызаваўся выкарыстаннем іскравых тэлегр. радыёперадатчыкаў. У пач. 20 ст. з’явіліся дугавыя і машынныя генератары высокай частаты. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць атрымліваць эл.-магн. ваганні розных частот, узмацняць іх і выконваць пераўтварэнні ваганняў для перадачы сігналаў любой формы і складанасці, што стала пачаткам радыёвяшчання. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася выкарыстанне электронных і паўправадніковых прылад. Тэхніка высокачастотных ваганняў шырока ўкаранілася ў розныя галіны навукі, тэхнікі, прам-сці, дала магчымасць стварыць самастойныя галіны: радыёастраномію, радыёлакацыю, радыёнавігацыю, тэлебачанне і інш.
А.Л.Ткачэнка.
т. 13, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз. мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.
Асн элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл. Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл. Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.
Б.І.Сцяпанаў, П.А.Апанасевіч.
т. 8, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)