ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),
беларускі акцёр. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Земфіра («Алека» С.Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.
Літ.:
Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.