МІКРАХІРУРГІ́Я (ад мікра... + хірургія),

метад выканання аперацый на вельмі малых аб’ектах з выкарыстаннем аптычных прылад, мікраінструментаў і звыштонкага шоўнага матэрыялу. Пашырана ў афтальмалогіі, гінекалогіі, нейрахірургіі і інш. Дае магчымасць з дапамогай мікраскопаў, спец. інструментаў (мікраскальпелі, мікрасасудзістыя заціскачкі, мікрапіпеткі і інш.). і шоўных матэрыялаў (атраўматычныя іголкі таўшчынёй 70—130 мкм з сінт. ніткай 16—25 мкм) праводзіць трансплантацыі, аперацыі на сасудах дыяметрам 0,3—0,6 мм, рэплантацыі сегментаў канечнасцей (напр., перасадку пальцаў ступні на кісць) і інш., удасканальваць рэканструкцыйную і пластычную хірургію.

І.​В.​Залуцкі.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЗА́ЦЫЯ,

кірунак навукова-тэхн. прагрэсу ў нар. гаспадарцы, які характарызуецца ўкараненнем хім. матэрыялаў і метадаў апрацоўкі ў вытв-сць і побыт. Дае магчымасць павышаць эфектыўнасць вытв-сці, удасканальваць тэхналогію, паляпшаць якасць прадукцыі, эканоміць прыродную сыравіну і інш. Матэрыяльная база Х. — хімічная прамысловасць. Найб. інтэнсіўна ідзе ў прам-сці і буд-ве (выкарыстанне пластмас і сінт. смол, хім. ваклонаў, лакаў, фарбаў і інш.) сельскай і лясной гаспадарцы (гл. Хімізацыя сельскай гаспадаркі). Парушэнні правіл транспарціроўкі. захоўвання і выкарыстання хім. сродкаў вядуць да хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПЕРЫМЕ́НТ (ад лац. experimentum проба, дослед),

метад навук. пазнання, які заключаецца ў практычным узнаўленні аб’екта пазнання і вывучэнні ўсіх яго сувязей. Заснавальнікамі эксперым. метаду даследавання ў прыродазнаўстве новага часу былі Г.Галілей і У.Гільберт. Філас. абгрунтаванне атрымаў у працах Ф.Бэкана, які распрацаваў і першую класіфікацыю Э. У залежнасці ад пазнавальных мэт, сродкаў і аб’ектаў пазнання вылучаюць наступныя віды Э.: даследчыцкі, ці пошукавы; праверачны, ці кантрольны; узнаўленчы; ізалюючы; якасны, ці колькасны; фізічны; хімічны; сацыяльны (сацыялагічны, эканам., прававы, сац.-псіхалагічны, эстэтычны); біялагічны. Даследчыцкі Э. накіраваны на выяўленне новых, невядомых навуцы з’яў ці іх новых, нечаканых якасцей. Аб’ектам праверачнага Э. можа быць тэарэт. прадказанне або тэарэт. гіпотэза, а яго функцыя — доследная праверка тэарэт. гіпотэз. Асобым відам Э. з’яўляецца разумовы, у якім даследчык аперыруе не рэальнымі прадметамі і ўмовамі іх існавання, а іх пачуццёвымі вобразамі ці тэарэт. мадэлямі. Эксперым. даследаванне праходзіць шэраг стадый. Першая яго стадыя — планаванне, у ходзе якога вызначаецца мэта, выбар тыпу Э. і прадумваюцца яго магчымыя вынікі; наступная стадыя — выбар тэхн. сродкаў правядзення і кантролю; завяршаецца Э. стадыяй інтэрпрэтацыі яго вынікаў, якая ўключае стат. і тэарэт. аналіз. Паколькі ідэалізацыя ў Э. накіравана на выяўленне элементарных дзеянняў (прычын і вынікаў), часцей ён мае месца ў тэхніцы. Эксперым. тэхніка (метад) — звяно, праз якое тэарэт. адкрыццё становіцца тэхн. вынаходніцтвам, а дасягненні тэхнікі дазваляюць удасканальваць метады даследавання. Эксперым. метады шырока выкарыстоўваюцца ў фізіцы, хіміі, біялогіі, фізіялогіі і інш. прыродазнаўчых навуках. З пач. 20 ст. атрымалі развіццё сац.-эканам. Э. У наш час Э. усё больш ужываецца ў сацыялогіі як метад пазнання і як метад аптымізацыі сац. сістэм. Істотныя змены адбыліся ў тэхн. узброенасці Э., узніклі яго новыя віды, звязаныя з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій і камп’ютэрных сістэм.

Літ.:

Галилей Г. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964;

Налимов В.В. Теория эксперимента. М., 1971;

Кэмпбелл Д. Модели экспериментов в социальной психологии и прикладных исследованиях: Пер. с англ. М., 1980;

Куприян А.П. Проблема эксперимента в системе общественной практики. М., 1981;

Вихалемм П. Эксперимент в социологическом исследовании // Методы сбора информации в социологических исследованиях. М., 1990. Кн. 2.

А.​М.​Данілаў.

т. 18, кн. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯ́ПІНСКІ (Амельяновіч-Цяпінскі) Васіль Мікалаевіч

(1530-я г., Полаччына — 1599 або 1600),

бел. пісьменнік, гуманіст, кнігавыдавец. З сям’і гаспадарскага баярына М.​Амельяновіча. Імя Ц. ўпершыню ўпамінаецца ў дакумент. актах 1560-х г. У 1557 малодшы афіцэр коннай роты аршанскага старосты Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Служыў у падканцлера ВКЛ А.​Б.​Валовіча. Магчыма, у сваім родавым маёнтку Цяп ша (цяпер Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.) заснаваў друкарню, дзе выдаў перакладзенае ім на бел. мову «Евангелле» (каля 1580) з прадмовай — адным з лепшых узораў бел. патрыят. публіцыстыкі 16 ст. (захавалася ў рукапісе). «Евангелле» надрукавана ў 2 слупкі — на царк.-слав. і бел. мовах, са шматлікімі глосамі і спасылкамі на літ. крыніцы. Выданне ўпрыгожана разнастайнымі ініцыяламі, наборным арнаментам. Відавочная стылізацыя пад віленскія выданні Ф.Скарыны (падабенства шрыфтоў, ініцыялаў) сведчыць пра пераемнасць друкарска-выдавецкіх традыцый. Асн. праграма Ц. разлічана на ўздым нац. культуры, умацаванне грамадскіх пазіцый бел. мовы, абуджэнне актыўнасці, гіст. і нац. свядомасці бел. народа. Як і Скарына, ён лічыў неабходным удасканальваць сістэму школьнай асветы, зрабіць яе больш даступнай, разнастайнай, адпаведнай патрэбам грамадства, у т. л. простым людзям. Гэтай высакароднай мэце ён прысвяціў сваю працу і ахвяраваў значную частку небагатай маёмасці. Патрыятызм Ц. далёкі ад нац. абмежаванасці. Ён з павагай ставіўся да народаў усіх краін, падкрэсліваў гіст., культ. і моўную роднасць слав. народаў. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакр. тэндэнцыі, арыентацыя на ўвесь бел. народ. Дзейнасць Ц. спрыяла зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нац.-культ. і патрыят. руху на Беларусі ў канцы 16 — пач. 17 ст. Ц. цесна супрацоўнічаў з С.Будным, часткова падзяляў яго грамадска-паліт. і рэліг. погляды. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах 1570-х г., дыспутаваў з прадстаўнікамі радыкальнай Рэфармацыі.

Тв.:

Прадмова // Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мн., 1991.

Літ.:

Довнар-Запольский М.В. В.​Н.​Тяпинский, переводчик на белорусское наречие // Довнар-Запольский М.В. Исследования и статьи. Киев, 1909. Т. 1;

Коршунаў А.Ф. Васіль Цяпінскі // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Галенчанка Г.Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Бабкова В. Васіль Цяпінскі: Новыя дак. // Спадчына. 1991. № 3;

Клімаў І.П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі: Дак. помнікі на Беларусі. Мн., 1995;

Яго ж. Васіль Цяпінскі і яго перакладное «Евангелле» // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1997. № 4.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 17, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ І ВЫХАВАННЕ.

У 1919 у БССР існавала 26 дашкольных устаноў (сіроцкія дамы, прытулкі, яслі-сады). У 1920 пры Наркамаце асветы БССР арганізаваны дашкольны аддзел. У 1922 было 88 дашкольных устаноў (каля 4 тыс. дзяцей); у 1932—543 (больш за 26 тыс. дзяцей); у 1940—1316 (64 тыс. дзяцей). У гады Вял. Айч. вайны сістэма дашкольнага выхавання цалкам знішчана. У 1945 працавала 586 дашкольных устаноў (24 тыс. дзяцей). З 1959 дзейнічаюць дзіцячыя яслі-сады, з 2-й пал. 1980-х г. — разнастайныя віды і тыпы дашкольных устаноў, якія адпавядаюць запатрабаванням і інтарэсам дзяцей і бацькоў: дзярж., грамадскія, прыватныя, змешаныя, дзіцячыя сады з гібкім рэжымам работы, з паглыбленым кірункам у пэўным відзе адукацыі і выхавання (замежныя мовы, асновы выяўл. мастацтва і інш.), сямейныя, санаторныя, для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, «школа—дзіцячы сад», «дзіцячы дом—школа—дзіцячы сад» і інш. З 1989 з улікам асаблівасцей развіцця мовы дзяцей удасканалены праграмы выхавання ў дашкольных установах. Дзеці разам з бацькамі сталі актыўна авалодваць бел. мовай, далучацца да культуры і традыцый бел. народа Аднак з 1994—95 колькасць дзіцячых садоў скарацілася на 295 (колькасць дзяцей у іх зменшылася на 6,4 тыс.). З 5-дзённым рэжымам працавалі 75,8% дашкольных устаноў, з 6-дзённым 24,2%. На аднаго педагога прыпадала ад 8 да 10 дзяцей.

У пач. 21 ст. дашкольная адукацыя (тэрмін уведзены ў 1997 г. паводле рашэння ЮНЕСКА) з’яўляецца састаўной часткай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1999 прынята Канцэпцыя дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая зыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі і законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб правах дзіцяці». Дашкольная сістэма адукацыі забяспечвае рознабаковае развіццё дзіцяці ад нараджэння да 6(7) гадоў у адпаведнасці з яго індывід. і ўзроставымі асаблівасцямі, своечасовы і паўнацэнны пераход на наступную ступень адукац. сістэмы. Яе мэта — ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця варыятыўных відаў, тыпаў, профіляў дашкольных устаноў з арыентацыяй на бацькоў як іх гал. заказчыкаў і спажыўцоў. Асн. задачы дашкольнай адукацыі: захаваць дзярж. сістэму бюджэтных і ведамасных устаноў; вызначыць стандарт адукацыі; змяніць арганізац. структуру ўстаноў на аснове прынцыпаў варыятыўнасці, адкрытасці, даступнасці, супрацоўніцтва з сям’ёй, узаемадзеяння са школай і інш. суб’ектамі навучання і выхавання ў соцыуме; удасканальваць навук.-метадычную і функцыянальную падрыхтоўку дашкольных работнікаў. Гал. прынцыпы дашкольнай адукацыі: гуманізацыя накіраванасці пед. работы, дэмакратызацыя, прадастаўленне роўных адукац. магчымасцей для ўсіх дзяцей, дынамізм і варыятыўнасць. Функцыі дашкольнай ступені (узроўню) адукацыі: ахова жыцця і ўмацаванне здароўя дзяцей, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця; забеспячэнне дзецям магчымасці арыентавацца і адэкватна дзейнічаць у навакольным свеце; выяўленне і развіццё ўсяго комплексу індывід. схільнасцей і задаткаў, фарміраванне асобы; забеспячэнне пераходу на наступны ўзровень адукац. сістэмы.

На Беларусі функцыянуе сістэма разнастайных дашкольных устаноў. Яны адрозніваюцца па відах — дзярж. (бюджэтныя і ведамасныя), прыватныя, змешаныя (дзяржкаап., дзярж.-грамадскія, калект. — арэндных прадпрыемстваў, кааператываў, акц. т-ваў і інш.); па тыпах — яслі, дзіцячы сад, яслі-сад, школа-сад, цэнтр развіцця; па профілях — агульнага прызначэння, з паглыбленай накіраванасцю, па догляду і нагляду, аздараўленчай і кампенсуючай накіраванасці. Ідзе перагляд напаўняльнасці дзяцей у групах у залежнасці ад іх характару: інтэграваныя групы — ад 6 да 12 дзяцей з улікам іх узросту і ступені парушэнняў; рознаўзроставыя — 10—12 дзяцей; групы дзяцей ранняга ўзросту — 6—8 дзяцей; з 3 да 5 гадоў — 8—10 дзяцей, з 5 да 6 гадоў — 10—12 дзяцей. Укараняюцца псіхал. і спец. службы. Дзіцячы псіхолаг праводзіць псіхал. асвету, кансультаванне, дыягностыку, развівальную і карэкцыйную дзейнасць. Спецыялісты сац. службы ствараюць умовы для паўнацэннай сацыялізацыі, развіцця і выхавання асобы дзіцяці ў бліжэйшым акружэнні: адукац. установе, сям’і, па месцы жыхарства, у дзіцячых аб’яднаннях. Ажыццяўляецца дашкольная адукацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Яе кірункі: ранняе выяўленне парушэнняў псіхафіз. развіцця ў дзяцей; своечасовае выпраўленне і папярэджанне адхіленняў у псіхафіз. развіцці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту; рознабаковае развіццё дзяцей у працэсе фарміравання жыццёва важнага вопыту і зніжэнне залежнасці ад чужой дапамогі пры адаптацыі ў прыродным і сац. асяроддзі.

У 2004 на Беларусі функцыянавала 28 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, 561 вучэбна-пед. комплекс «дзіцячы сад — школа», 46 спец. дашкольных устаноў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця, 62 інтэграваныя і 5 дыягнастычных груп для гэтай катэгорыі дзяцей, 402 пункты карэкцыйна-пед. дапамогі. Развіццё творчых здольнасцей дзяцей ажыццяўляецца ў 858 гуртках выяўленчага мастацтва (15 тыс. дзяцей), 366 харэаграфічных (8,9 тыс.), 648 музыкі і спеваў (9,6 тыс.), 811 спарт. (14,3 тыс.), 77 плавання (2,2 тыс.), 563 моўнай падрыхтоўкі (13,6 тыс.), 3046 гуртках іншай накіраванасці. Для ўмацавання здароўя дзяцей дзейнічаюць 49 санаторных дашкольных устаноў (4,5 тыс. дзяцей) і 635 санаторных груп (10 тыс. дзяцей).

т. 18, кн. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ТЭА́ТР,

від экраннага тэлевізійнага мастацтва, эстэт. прыроду якога вызначае сінтэз уласна тэатр. мастацтва (у яго драматургічным, рэжысёрскім, акцёрскім і сцэнаграфічным увасабленнях) і вобразна-выразных сродкаў тэлебачання. Спецыфічнасць тэлебачання як сродку масавай камунікацыі ўплывае на сац. функцыянальнасць Т.т., абумоўлівае яго культ. прызначэнне. Асн. маст. твор Т.т. — тэлевізійны спектакль.

Правобразам Т.т. быў кінафільм-спектакль, які ў канцы 1940-х—50-я г. выкарыстоўваўся на тэлебачанні як прамая трансляцыя спектакля з т-ра, потым са студыі. Выкарыстоўвалася і такая форма рэтрансляцыі спектакля, як здымка з манітора на кінаплёнку. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. асвойваўся тэлевізійны спосаб паказу ў прамым эфіры. Гэта быў перыяд станаўлення драм. Т.т., маст. структура якога складвалася пад уплывам тэлевізійных інфарм. і дакумент. жанраў. Імкненне да арыгінальнай драматургіі, зварот да п’ес, якія не ставіліся на тэатр. сцэне, экранізацыя літ. твораў выклікалі паяўленне разнавіднасцей тэлевізійнага спектакля: дакумент. драма, гіст. і сямейная хронікі, публіцыст. рэпартаж, літ. кампазіцыя з аўтарскім каментарыем, інсцэніроўка паэт. і празаічных літ. твораў, спектакль-маналог і інш. У 1970-я г. тэлевізійны спектакль здымаўся на відэаносьбітах мнагакамерным метадам з шырокім выкарыстаннем тэхн. спецэфектаў. Побач з драм. тэлеспектаклем ствараліся тэлеопера, тэлеаперэта, тэлебалет.

На Беларусі Т.т. узнік у 2-й пал. 1950-х г. (першыя спектаклі створаны ў 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання, у 1961 на Гомельскай і Віцебскай, у 1971 на Брэсцкай абл. студыях). Яго развіццё звязана з пошукамі эстэт. мовы тэлевізійнага відовішча, асваеннем стацыянарнай тэлевізійнай тэхнікі. У спектаклях «Брат мой, вораг мой» паводле М.​Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа, «Суд» У.​Галубка, «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.​Горкага вяліся пошукі тэхн. вырашэння драм. дзеяння, разгорнутага ў студыйным павільёне невял. плошчы; важную ролю адыгрывалі папярэдняя распрацоўка рэжысёрам рэжыму здымкі буйным планам і мантажная перабіўка эпізодаў, што перадаваліся ў эфір спосабам прамой трансляцыі. Вял. ўвага аддавалася афармленню, выраслі патрабаванні да акцёрскага майстэрства, моўных, мімічных і пластычных сродкаў выразнасці, ігры на камеру і г.д. Ішло комплекснае асэнсаванне эстэт. вопыту тэатр. мастацтва і яго асваенне на тэлеэкране. У сярэдзіне 1960-х г. практыкаваліся трансляцыі тэатр. спектакляў непасрэдна з залы, ствараліся арган. ўмовы для самараскрыцця акцёраў на звыклай сцэн. пляцоўцы. Адначасова развіваўся студыйны спектакль. Адмова ад грувасткага афармлення дазволіла забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тэлекамер, наблізіцца да акцёра, уключаць у дзеянне кінакадры, фатаграфіі і інш. Творчыя знаходкі дапамаглі пашырыць жанравую палітру тэлепастановак, надаць ім самабытнае нац. адценне. Спектаклі «Соцкі падвёў» паводле Я.​Коласа, «Сэрца на далоні» і «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна, «Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, «Прымакі» Я.​Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча прадоўжылі традыцыі псіхал. драмы, нар. камедыі, трагікамедыі, раскрылі на тэлеэкране асаблівасці нац. акцёрскай школы. Творчы працэс стварэння тэлеспектакля набыў прафес. рысы. Увасоблены гіст. хроніка А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева «Змова імператрыцы» — «Крах», псіхал. драма Г.​Гаўптмана «Ткачы», тэлеопера «Ранак» Г.​Вагнера. У 1970-я г. развівалася універсальная форма тэлеспектакля — відэафільм. Гэты перыяд характарызаваўся пошукамі ў сферы маст. умоўнасці, відовішчнасці, вобразнасці эстэт. мовы. У рэпертуары значнае месца займалі творы бел. аўтараў, больш глыбокае адлюстраванне набыла экранная рэпрадукцыя тэатр. спектакля («Трыбунал» А.​Макаёнка ў паст. Бел. т-ра імя Я.​Купалы). Выпрацоўваліся новыя прынцыпы інсцэнізацыі прозы, паэзіі і драмы праз жанрава-маст. структуры літ. кампазіцыі і літ. мантажу. Выкарыстоўваліся стылявыя прыёмы дакументальна-публіцыст. тэлебачання: дыялагічныя формы паказу, персаніфікаваныя вобразы каментатара ці чытальніка, лаканічнасць і сімвалізацыя афармлення. Адначасова з пастаноўкамі ў жанры псіхал. драмы («Сустрэчы і ростані» паводле твораў Мележа, «Дажыць да світання» паводле В.​Быкава, «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча) ствараліся экранізацыі ў жанры літ. т-ра. На адбор літ. твора і трактоўку яго зместу ўплывалі тэндэнцыі тэлевізійнай публіцыстыкі («Амерыка здалёку і зблізку» паводле нарысаў К.​Кірэенкі), тэлевізійнай апавядальнасці («Кніганоша» паводле апавяданняў Караткевіча), тэлевізійнай індывідуалізацыі ўнутр. героя («Перакрыжаванні» паводле паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка», «Абсяг» паводле кнігі вершаў Р.​Барадуліна). Укараненне ў 1980-я г. новай партатыўнай электроннай тэхнікі і камп’ютэрнага нелінейнага мантажу пашырыла выяўл. магчымасці экрана. Новую хвалю набыло рэпрадуктаванне адметных спектакляў бел. т-раў: «Апошні шанц» Быкава, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (усе т-р імя Я.​Купалы), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча (Дзярж. рус. драм. т-р), «Паядынак» М.​Матукоўскага (Бел. т-р імя Я.​Коласа). Створаны арыгінальныя спектаклі-экранізацыі бел. літ. твораў: «Колькі лет, колькі зім!» паводле паэмы А.​Вярцінскага, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Сіняя, сіняя» і «Лісты каштана» паводле аповесцей Караткевіча, «Траянскі конь» і «Пагарэльцы» Матукоўскага, «Чужая бацькаўшчына» паводле В.​Адамчыка, «Узлёт» А.​Дударава, «Машэка» Міровіча, «На перакрыжаваннях вайны» У.​Траццякова, «Сон» А.​Асташонка, «Я прыйшоў, каб назваць тваё імя» паводле паэзіі М.​Бсісу, відэафільм-канцэрт «Варыяцыі на балетныя тэмы» Ю.​Чурко і інш. З 1989 форму маст. рэпрадуктавання тэатр. спектакляў пачаў удасканальваць творчы калектыў ВТА «Беларускі відэацэнтр». У яго рэпертуары лепшыя спектаклі нац. сцэны: «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева. «Звон не малітва» Чыгрынава, «Ідылія» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Князь Вітаўт» Дударава (усе т-р імя Я.​Купалы), «На залатым возеры» Э.​Томпсана (рус. драм. т-р). Значная ўвага аддавалася прынцыпам захавання на экране сцэн. малюнка дзеяння і перадачы псіхал. стану акцёраў у электронным мантажы буйных планаў. Упершыню ажыццёўлена відэарэпрадуктаванне спектакля «Запіскі вар’ята» паводле Ф.​Дастаеўскага (Бел. дзярж. т-р лялек). Экранную інтэрпрэтацыю атрымалі творчыя здабыткі новых тэатр. калектываў («Чорны квадрат» паводле п’есы М.​Клімковіча ў паст. т-ра «Вольная сцэна»), У арыгінальных спектаклях «Белвідэацэнтра» 1990-х г. адлюстравана тэматыка, звязаная з адраджэннем каштоўнасцей нац. культуры: «Адна ноч» паводле Быкава, «Каўчэг Максіма Танка» Р.​Тармолы, відэабалет «Страсці» В.​Елізар’ева, відэаопера «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У аб’яднанні «Тэлефільм» эстэт. традыцыі нац. Т.т. працягваюцца ў маст. кароткаметражным фільме «Пракляты ўтульны дом» У.​Халіпа, відэафільме-балеце «Спартак» М.​Волкава ў харэаграфіі Елізар’ева.

Т.т. значна паўплываў на вызначэнне нац. тэлебачаннем свайго месца ў культ. прасторы, на ўзаемапранікненне асаблівасцей маст., інфарм. і публіцыст. сегментаў вяшчання, на ўзнікненне навейшых забаўляльна-ігравых форм сучаснага тэлебачання, у аснове якіх прынцыпы тэатралізацыі рэчаіснасці, артыстызацыі паводзін журналістаў і вядучых у кадры, выкарыстанне пастановачных і сімвалізаваных прыёмаў у вырашэнні зместу разнастайных праграм.

Н.​Ц.​Фральцова.

т. 16, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)