МАДЭРНІЗА́ЦЫЯ,
змяненне, удасканаленне, якое адпавядае сучасным патрабаванням. Напр., М. абсталявання.
т. 9, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНЫ АДБО́Р,
адбор асобных арганізмаў (з улікам спадчыннага пастаянства іх прыкмет) па генатыпе з ацэнкай патомства расліны або жывёлы ў шэрагу пакаленняў; форма штучнага адбору. Прызначэнне І.а. — удасканаленне пародных і сартавых якасцей.
т. 7, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНАВУЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
разнавіднасць самапрыстасавальных сістэм, алгарытм функцыянавання якой пад уплывам знешніх умоў аўтаматычна змяняецца ў адпаведнасці з зададзеным крытэрыем якасці. Асаблівасць С.с. — удасканаленне алгарытму адбываецца ў самой сістэме на аснове ранейшага вопыту работы без паступлення знешняй навучальнай інфармацыі. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самапрыстасавальны робат.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА,
сістэма агульнаабавязковых сацыяльных норм, якія ўстаноўлены або санкцыяніраваны дзяржавай і рэгулююць дзеянні, паводзіны і адносіны людзей, іх груповак, дзярж. і грамадскіх органаў, арг-цый і ўстаноў. Найважнейшыя рысы П.: нарматыўны характар; агульнаабавязковасць і ўсеагульнасць; дакладнасць, пэўнасць і абязлічанасць норм; прымяненне роўнага маштабу да розных людзей у аднолькавых сітуацыях; забяспечанасць пагрозы выкарыстання санкцый з боку дзяржавы і інш. Забяспечанасць пагрозы санкцый карэнным чынам адрознівае нормы П. ад інш. сац. норм (напр., ад маральных, рэліг., традыцыйных і інш.). П. належыць вядучая роля ў сац. рэгуляванні ў цывілізаваных дзяржавах. Яно ахоўвае ўладкаванасць і стабільнасць існуючых грамадскіх парадкаў, адносін, іх удасканаленне і змяненне і ў той жа час накіравана на барацьбу са злачыннасцю і інш. правапарушэннямі. Аснову прававой сістэмы краіны складае канстытуцыя. Нормы П. абумоўлены сац.-эканам. фактарамі, характарам і ўзроўнем развіцця духоўнай культуры. Удасканаленне П., яго дэмакратызацыя і гуманізацыя, строгае, няўхільнае і дзейснае прымяненне яго норм, прызнанне прыярытэту закона ў любой сферы грамадскай дзейнасці — неад’емная ўмова для ўсталявання прававой дзяржавы.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙНУТДЗІ́НАЎ Эня Менабутдзінавіч (н. 4.8.1937, г. Мурам, Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1959). З 1970 у Бел. політэхн. акадэміі. Даследуе праблемы арганізацыі, планавання, эканам. эфектыўнасці вытв-сці. Аўтар прац «Рэалізацыя гаспразліковых мадэлей у ліцейных цэхах вытворчага аб’яднання» (у сааўт.) і «Удасканаленне планавання ліцейнай вытворчасці» (абедзве 1991) і інш.
т. 4, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧО́ВАЯ І СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ААН (ФАО),
міжнародная арганізацыя, спецыялізаваная ўстанова ААН. Засн. ў 1945. Штаб-кватэра ў Рыме. Гал. мэта — удасканаленне вытв-сці і размеркаванне с.-г. прадукцыі і прадуктаў харчавання. На ФАО ускладзены абавязкі па зборы і вывучэнні інфармацыі, садзейнічанні і заключэнні міжнар. пагадненняў адносна прадуктаў харчавання і аказанні тэхн. дапамогі. Сваю дзейнасць канцэнтруе на тэхн. дапамозе слабаразвітым краінам.
т. 16, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ ПАШТО́ВЫ САЮ́З (СПС),
міжнародная міжурадавая арг-цыя; спецыялізаваная ўстанова ААН (з 1947).
Засн. ў 1874 на 1-м Міжнар. паштовым кангрэсе; да 1878 наз. Усеагульны паштовы саюз. Мэта яго стварэння — удасканаленне міжнар. паштовай службы. Членамі СПС з’яўляюцца 175 краін, у т. л. Беларусь (з 1947). Гал. органы: Сусв. паштовы кангрэс, Выканаўчы к-т, Кансультатыўны савет па паштовых даследаваннях, Міжнар. бюро (сакратарыят). Штаб-кватэра у г. Берн (Швейцарыя).
т. 15, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭКАНО́МІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску. Аддзелы (1997): заканамернасцей развіцця эканам. адносін; эфектыўнасці вытв. патэнцыялу; рыначнай інфраструктуры; рэгіянальнай эканомікі; эколага-эканам. праблем; эканомікі навукі.
Асн. кірункі даследаванняў: арг-цыя вытворчасці; удасканаленне сістэмы планавання; паскарэнне навук.-тэхн. прагрэсу; пытанні рэфармавання адносін уласнасці і стварэння змешанай эканомікі; удасканаленне фін. крэдытных адносін. Мэта даследаванняў — распрацоўка нац.-дзярж. мадэлі рыначнай эканомікі Беларусі і адэкватнага ёй дзейснага механізму гаспадарання. Аспірантура з 1945. Выдадзены працы: «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму, 1900—1917» (1963); «Эканоміка Савецкай Беларусі, 1917—1967» (1967), «Тэхнічны прагрэс і пытанні эканомікі» (1969); «Вытворчыя аб’яднанні: Рэгіянальны аспект арганізацыі» У.С.Фацеева (1987); зб. «Рыначнае рэфармаванне эканомікі Беларусі» (вып. 1—2, 1996—97); «Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення» (1995); «Інвестыцыйная палітыка Беларусі: (Аналіз, праблемы, прапановы)», «Інфляцыя. прырода, сутнасць і рэгуляванне, «Праблемы рэфармавання беларускай эканомікі» І.М.Абрамава, В.С.Булко, І.В.Калеснікавай (усе 1996) і інш. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі В.М.Лубяка, В.С.Нямчынаў, І.А.Пятровіч, Ф.С.Марцінкевіч, чл.-кар. М.І.Вядута, Ф.А.Дронаў; працуюць акад. Нац. АН Беларусі Г.М.Лыч, чл.-кар. П.Г.Нікіценка.
Г.М.Лыч.
т. 7, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З.
Дзейнічаў у 1929—37 у Вільні. Засн. 9.5.1929 па ініцыятыве А.Луцкевіча, В.Грышкевіча (старшыня ўправы), Р.Астроўскага, А.Сакаловай-Лекант, Я.Шнаркевіч і інш. Ставіў за мэту абарону прафес. інтарэсаў настаўнікаў, удасканаленне іх пед. майстэрства, развіццё бел. культуры, падтрыманне бел. школьніцтва. Пашыраў дзейнасць на Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы. Ладзіў навук.-пед. канферэнцыі, арганізоўваў лекцыі, канцэрты вучнёўскай самадзейнасці. Праводзіў зборы грашовых сродкаў для бедных вучняў бел. гімназіі. Скасаваны загадам віленскага ваяводы 20.8.1937.
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́ЛЬНА-СПАРТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ (БССП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — аб’яднанне прагрэс. сіл Беларусі для сац. абароны ўсіх пластоў насельніцтва пры пераходзе да рыначных адносін, рэфармаванне Беларусі ў дэмакр., эканамічна моцную, незалежную і гуманную дзяржаву праз удасканаленне грамадскіх формаў і адносін. Выступае за ўкараненне альтэрнатыўных формаў адукацыі і фіз. выхавання, адраджэнне нац. культуры, рэалізацыю законаў аб моладзі і спорце, прыярытэтнае фінансаванне аховы здароўя, спорту, асветы, змену сістэмы падаткаабкладання і інш.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)