БУРЭ́ННЕ,
стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.
Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ЗБУДАВА́ННЯЎ,
раздзел будаўнічай механікі, які вывучае ваганні збудаванняў, што выклікаюцца дынамічнымі нагрузкамі, распрацоўвае метады разліку такіх збудаванняў, спосабы вібраізаляцыі і гашэння ваганняў. Звязаны са статыкай збудаванняў і агульнай тэорыяй ваганняў.
У Д.з. даследуюць ветравыя і сейсмічныя ваганні, ударнае ўздзеянне рухомых цел, вібрацыю і інш. нагрузкі, уздзеянне ваганняў на абсталяванне і людзей, вызначаюць мяжу трываласці і інш. дынамічныя характарыстыкі матэрыялаў і канструкцый, правяраюць надзейнасць разліковых схем збудаванняў і інш.
Асн. задачы Д.з. — вызначэнне ўласных частот і праверка збудаванняў на рэзананс; вызначэнне ўнутр. сіл у элементах збудаванняў, перамяшчэнняў, скорасцей і паскарэнняў мас збудаванняў, якія выкліканы дынамічнымі нагрузкамі і ўздзеяннямі. Для рашэння гэтых задач карыстаюцца тэарэт. метадамі даследавання (аналітычныя і лікавыя, з выкарыстаннем выліч. тэхнікі) і эксперыментальнымі (засн. на даследаванні фіз. мадэлей збудаванняў, на натуральных выпрабаваннях і назіраннях).
Літ.:
Строительная механика. Динамика и устойчивость сооружений. М., 1984.
Я.М.Сідаровіч.
т. 6, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)