Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Угра-фінскія мовы, гл. Фіна-угорскія мовы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),
мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЫ́ХІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (канец 12 — канец 8 ст. да нашай эры) на ПнУ Украіны (бас. рэк Северскі Данец, Ворскла, Сула, Псёл, Сейм). Назва ад паселішча ва ўрочышчы Бандарыха, непадалёку ад г. Ізюм Харкаўскай вобласці. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах. Пахавальны абрад — найчасцей трупаспаленне з наступным пахаваннем рэшткаў у грунтавых ямах. Кераміка арнаментаваная верт. расчосамі, гарыз. радамі ямак рознай формы. Прылады вырабляліся з каменю (свідраваныя сякеры, зерняцёркі), косці (праколкі, прасліцы) і бронзы (кельты, нажы, кінжалы). На думку большасці даследчыкаў, плямёны, якія пакінулі Бандарыхінскую культуру, былі фіна-угорскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́ЙСКАЯ МО́ВА, чараміская мова,
адна з фіна-угорскіх моў. Пашырана ў Рэспубліцы Марый Эл, Татарстане, Удмурціі, Башкортастане, Ніжагародскай, Кіраўскай, Свярдлоўскай, Пермскай абл. Расіі. Мае 4 гаворкі (лугавая, горная, усх., паўн.-зах.) і 2 літ. мовы (лугава-ўсх. і горна-марыйская). Развівалася пад уплывам цюркскіх (з 8 ст.) і рус. (з 13 ст.) моў, захоўваючы асн. фіна-угорскія рысы. У фанетыцы — палатальныя, звонкія фрыкатыўныя зычныя, ад 8 да 12 галосных (па дыялектах). У марфалогіі — некалькі паказчыкаў множнасці ў назоўнікаў, клас сумесных лічэбнікаў, формы цяперашне-будучага і 6 прошлых часоў дзеяслова, наяўнасць дзеепрыметнікаў адмоўнага і будучага часу. Словаўтварэнне шляхам суфіксацыі і словаскладання. Пісьменства з 18 ст. на аснове рус. графікі (з дадатковымі літарамі).
Літ.:
Современный марийский язык. Ч. 1—2. Фонетика. Морфология. Йошкар-Ола, 1960—61;
Казанцев Д.Е., Патрушев Г.С. Современный марийский язык: Лексикология. Йошкар-Ола, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,
сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст.г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.
Літ.:
Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;
Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;
Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст.ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц.слав. знаццю.
Літ.:
Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;
Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.Кн. 1. Мн., 1994.