1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНА́Я МУКА́,
прадукт перапрацоўкі крыві, што збіраецца пры забоі жывёлы, у выглядзе сухога, дробназярністага карычневага парашку, у якім адсутнічаюць патагенныя мікраарганізмы; крыніца паўнацэннага пратэіну. Скормліваюць с.-г. жывёлам, пераважна свінням, птушкам і пушным звярам. Выкарыстоўваецца і як угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СА́ЖАЛКІ,
збудаванні для ачысткі гасп.-быт. сцёкавых водаў. Існуюць праточныя з разбаўленнем і без разбаўлення сцёкавай вадкасці рачной вадой, для даачысткі сцёкавай вадкасці, кантактныя і анаэробныя сажалкі. У біялагічных сажалках адбываюцца натуральныя біял. працэсы самаачышчэння: мікраарганізмы спажываюць кісларод, што ўтвараюць пры фотасінтэзе водарасці, якія атрымліваюць ад бактэрый вуглекіслату і інш. прадукты мінералізацыі арган. рэчываў — у выніку ідзе інтэнсіўны распад арган. рэчываў-забруджвальнікаў. Біялагічныя сажалкі назапашваюць глей, які перапрацоўваецца ў с.-г. вытв-сці ці выкарыстоўваецца як угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛ, мул,
тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНА́Ф (Hibiscus cannabinus),
кветкавая расліна сам. мальвавых. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы і Цэнтр. Індыі. Вырошчваецца на Пд Еўропы, Азіі, Амерыкі.
Аднагадовая лубавалакністая расліна з прамым рабрыстым ці круглаватым сцяблом выш. да 6 м, укрытым шыпікамі. Корань стрыжнёвы, галінасты, даўж. да 2 м. Лісце буйное, сярэдняе — пальчата-раздзельнае, ніжняе — сэрцападобнае, верхняе — ланцэтнае. Кветкі пазушныя, амаль белыя, з ярка-вішнёвай плямай унутры венчыка. Плод — 5-гнездавая каробачка. З валакна К. вырабляюць брызент, вяроўкі, радно, з кастрыцы — паперу і буд. пліты, з насення — тэхн. алей, макуху выкарыстоўваюць як угнаенне і корм для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл.Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ ГЛЕБААПРАЦО́ЎКІ,
выкарыстанне электрыфікаваных с.-г. прылад для апрацоўкі глебы і ўнясення ўгнаенняў у цяпліцах, парніках, на прысядзібных участках і інш.Найб. пашыраны электраматыкі, электрафрэзы, электрамотаблокі з кабельным электрасілкаваннем і інш.
Электраматыкай ЭМ-12А рыхляць глебу, вынішчаюць пустазелле, перамешваюць угнаенне з глебай у ахаваным грунце, садах, ягадніках, на агародах. Электрафрэзай ФС-0,7 апрацоўваюць глебу, рыхтуюць сумесі для торфаперагнойных гаршкоў, стэрылізуюць глебу ядахімікатамі. Рабочыя органы іх — спец. фрэзы і ротары з нажамі (фрэзамі). У адрозненне ад мотаблокаў Э.г. зніжае шум, не загазоўвае цяпліцы і парнікі.
Літ.:
Данейко В.А., Крутов А.В. Применение электрической энергии в сельском хозяйстве. Мн., 2001.
В.М.Кандрацьеў.
Схемы прылад для электрамеханізацыі глебаапрацоўкі: а — электраматыкі (1 — фрэза, 2 — электрарухавік, 3 — штанга, 4 — кабелі, 5 — пераўтваральнік частаты); б — электрафрэзы (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар з абгоннай і засцерагальнай муфтамі, 3 — ротар, 4 — апорны нож, 5 — электрашафа з кабелямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́РАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, харафіты,
лучыцы (Charophyta),
аддзел ніжэйшых раслін. 1 клас, 1 парадак, 2 сям. (нітэлавыя і харавыя), 6 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паходзяць, магчыма, ад зялёных водарасцей. Вядомы з сілуру. Утвараюць вял. зараснікі на заіленых і пясчаных грунтах у прэсных вадаёмах і апрэсненых участках мораў. На Беларусі 15 відаў з родаў нітэла, нітэлопсіс і хара.
Шматклетачныя кусцістыя водарасці знешне падобныя да некат. вышэйшых раслін (рагаліснік, хвошч). Слаявіна выш. 20—30 см, часам да 1—2 м, прымацаваная да субстрату рызоідамі. Бакавыя галіны размешчаны кальчакамі на шматклетачных вузлах. Міжвузеллі з адной доўгай клеткі, якая можа абрастаць карой з вузкіх клетак. Абалонкі клетак часам абвапнаваныя. Хларапласты зялёныя, маюць хларафілы a і b, караціноіды, запасное рэчыва — крухмал. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое (аагамія). Выкарыстоўваюцца як угнаенне. Гіганцкія клеткі міжвузелляў — аб’ект цыталагічных і фізіял. даследаванняў (напр., біяпатэнцыялаў раслін).