А́НТЫ (лац. antae) у архітэктуры, выступы падоўжных сцен будынка, якія агароджваюць уваход. Найбольш часта сустракаюцца ў стараж.-грэч. храмах, тып якіх атрымаў назву «храм у антах».

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПІ́ЛЕ (ад мікра... + грэч. pylē уваход, адтуліна),

у жывёл — адтуліна ў шчыльных яйцавых абалонках, праз якую сперматазоід пранікае ў яйцо. Колькасць М. ад 1 да некалькіх дзесяткаў. Бывае ў насякомых, малюскаў, рыб і інш. У раслін М. — вузкі канал у покрыве семязавязі, праз які пранікае пылковая трубка.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭ́ [ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],

1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.

2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЖЭ́ (Berger),

карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗУА (Basua),

пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ КАНА́Л,

ізаляваны пераход паміж прыстасаваннямі пнеўмааўтаматыкі, які мае адзін уваход і адзін выхад і забяспечвае перадачу пнеўмасігналаў на адлегласць. У якасці П.к. выкарыстоўваюць гумавыя, пластмасавыя або метал. трубаправоды, што злучаюць паміж сабой пнеўматычныя прыстасаванні і прылады. Пры канструяванні прыстасаванняў з асобных пнеўмаэлементаў П.к. робяць таксама ў пласцінах (пячатных платах), на якіх замацоўваюцца пнеўмаэлементы. Такі мантаж надае прыстасаванням кампактнасць, памяншае працягласць каналаў і павышае іх надзейнасць.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЛКО́ЎСКІ ((Żółkowski) Фартунат Алойзы) (2.11.1777, Навагрудчына — 11.9.1822),

польскі акцёр, драматург. Удзельнік паўстання 1794. Працаваў у Львове, з 1797 у Варшаве, дзе выдаваў гумарыст. часопісы, выступаў у Нац. т-ры, для якога перакладаў і перарабляў камедыі з замежных моў. Аўтар папулярных камедый і вадэвіляў «Гавал на месяцы» (1805), «Палац Люцыпара» (1811), «Уваход у Літву» (1812), «Аматары дукатаў», «Гультаі» (абодва 1813), «Гувернёр» (1816), «Старапольскі шляхціц» (1821) і інш.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛО́Н (грэч. pylōn літар. брама, уваход),

1) масіўны слуп (слупы), які служыць апорай арак, мастоў, перакрыццяў будынкаў ці падземных збудаванняў.

2) Невысокія слупы, пастаўленыя па баках уезда ці ўвахода на тэр. сядзіб, палацаў, паркаў і інш. (найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму).

3) Вежападобнае збудаванне ў форме ўсечанай піраміды (у плане выцягнуты прамавугольнік) з трапецападобным фасадам. П. ставілі абапал вузкага ўвахода ў стараж.-егіпецкія храмы (каля 2050—1700 да н.э.).

С.​А.​Сергачоў.

Пілоны старажытна-егіпецкага храма.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.

Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.

Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГАРАН (грэч. megaron літар. вял. зала),

адзін з тыпаў жылля, пашыранага ў краінах бас. Эгейскага мора (3—2-е тыс. да н.э.). У Гамера М. — парадная ці жылая частка дома, пераважна царскага палаца. У плане прамавугольная пабудова, часам з абсідай, складаецца з гал. памяшкання (уваход з тарцовага боку праз сумежныя з гал. памяшканнем анты) і порціка. У гал. памяшканні знаходзілася агнішча. М. вядомы ў Мікенах, Троі, Кносе, Сескла, Дыміні, Тырынфе і інш. М. паслужылі прататыпам храмаў Стараж. Грэцыі архаічнага і класічнага часу.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)