КРЫВАШЫ́Я,

дэфармацыя шыі рознай этыялогіі, якая характарызуецца няправільным становішчам галавы з яе нахілам убок і паваротам. Прычыны К.: фіброз мышцаў, пашкоджанне або зрастанне шыйных пазванкоў, пашкоджанне скуры, мышцаў, запаленчыя працэсы ў вобласці шыі. Бывае прыроджаная і набытая, найчасцей — аднабаковая. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАГО́РЫЯ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.

Герб «Багорыя».

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЫ́ШКА»,

бел. нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».

Я.Р.Вількін.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯЗІ́НКА»,

«Лязгінка», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)