ЛІНАЛАО́Л, 3,7-дыметыл-1,6-октадыен-3-ол,

тэрпенавы спірт, (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)(OH)CH=CH2. Бясколерная вадкасць з пахам ландыша, шчыльн. 860,7 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле. Аказвае бактэрыцыднае ўздзеянне. У свабодным стане і ў выглядзе складаных эфіраў воцатнай (ліналілацэтат) і масленай кіслот уваходзіць у састаў эфірных алеяў, адкуль яго вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць як пахучае рэчыва ў парфумерыі, сыравіну — у вытв-сці інш. пахучых рэчываў (напр., цытралю, ліналілацэтату).

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФО́РА, камфара, 1,7,7-тры метылбіцыкла [2,2,1]гептан 2-он,

арганічнае злучэнне, біцыклічны тэрпенавы кетон. Бясколерныя крышталі з характэрным пахам. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Лёгка ўзганяецца. Існуюць аптычна актыўныя (+)- і (-)-ізамеры tпл 178,2—178,6 °C) і рацэмічная сумесь — (±)-ізамер tпл 178—178,5 °C). К. маюць эфірныя алеі камфорнага лаўру і шалфею, сіб. піхты, базіліку, палыну, а таксама экстракцыйны шкіпінар. У прам-сці (±)-К. атрымліваюць перапрацоўкай пінену, (-)-К. — з хваёвага алею сіб. піхты. (+)-К. вылучаюць з камфорнага лаўру. Выкарыстоўваюць у прам-сці як пластыфікатар цэлулоіду і плёнак на яго аснове, флегматызатар пораху; рэпелент ад молі і камароў; у медыцыне — як кардыятанічны і аналептычны сродак, які ўзмацняе сардэчную дзейнасць, узбуджае ц. н. с., стымулюе дыханне і кровазварот.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)