АЛЮМІНА́ТЫ,
солі няўстойлівых алюмініевых кіслот: ортаалюмініевай H3AlO3 і метаалюмініевай HAlO2 і інш. Алюмінаты шчолачных металаў растваральныя ў вадзе, іх водныя растворы няўстойлівыя з-за гідролізу да Al(OH)3; інш. алюмінаты цяжка раствараюцца ў вадзе. Алюмінаты двухвалентных металаў і рэдказямельных элементаў хімічна і тэрмічна трывалыя. У прыродзе алюмінаты — мінералы: высакародная шпінель Mg[Al2O4], ганіт (цынкавая шпінель) Zn[Al2O4], хрызаберыл Be[Al2O4]. Атрымліваюць алюмінаты сплаўленнем ці спяканнем Al2O3 з аксідамі металаў або награваннем сумесі тэрмічна няўстойлівых соляў. Выкарыстоўваюцца ў папяровай прам-сці, у вытв-сці спец. керамікі, аптычнага шкла, ядз. тэхніцы, пры афарбоўцы тканін, алюмінаты кальцыю — у вытв-сці партландцэментаў.
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРОДАПЛА́СТЫ,
карбапласты, вугляпластыкі, пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніку вугляродныя валокны ў выглядзе жгутоў, стужак, матаў, тканіны, сечаных валокнаў. Сувязнымі для вугляродапластаў з’яўляюцца сінт. палімеры (напр., эпаксідныя, поліэфірныя, фенолфармальдэгідныя смолы). Вугляродапласты трывалыя, цвёрдыя, тэрмічна, хімічна і радыяцыйна ўстойлівыя электра- і цеплаправодныя матэрыялы з малой шчыльнасцю, нізкімі каэф. трэння і тэрмічнага лінейнага расшырэння. Выкарыстоўваюць на выраб дэталей лятальных апаратаў (самалётаў, верталётаў, ракет), суднаў, аўтамабіляў, спарт. інвентару (лыжы, вёслы), хім. абсталявання.
Літ.:
Молчанов Б.И., Чукаловский П.А., Варшавский В.Я. Углепластнки. М., 1985.
М.Р.Пракапчук.
т. 4, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
т. 4, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.
Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны 10B — паглынальнік нейтронаў Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РА
(ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),
дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.
т. 1, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)