КОНТРАТА́КА (ад контр... + атака),
атака, якая праводзіцца абараняльнымі войскамі супраць наступальных з мэтай разгрому праціўніка, што ўклініўся ў абарону, і поўнага або частковага аднаўлення становішча. Заключаецца ў паражэнні праціўніка ўдарамі авіяцыі, ракет, агнём артылерыі з наступнай атакай сіламі 2-га эшалона (рэзерву), у пэўных умовах сумесна з сіламі 1-га эшалона. К., як правіла, праводзіцца ў момант, калі праціўнік, спынены і яшчэ не паспеў замацавацца на занятых рубяжах або яго прасоўванне запаволілася, а рэзервы выкарыстаны ці іх тэрміновы ўвод немагчымы.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАЗІ́Т (ад лац. depositum рэч, аддадзеная на захаванне),
1) грашовыя сродкі або каштоўныя паперы, якія змяшчаюцца для захавання ў крэдытныя ўстановы. Тэрміновы Д. належыць вяртанню па сканчэнні пэўнага тэрміну, бестэрміновы — па першым патрабаванні ўкладчыка. Дакументам, які сведчыць аб дэпаніраванні грашовых сродкаў у крэдытнай установе юрыд. асобай, з’яўляецца дэпазітны сертыфікат.
2) Грашовая сума або каштоўныя паперы, якія ўносяцца даўжніком у суд. ўстановы для перадачы крэдытору (напр., у забеспячэнне іску) і адм. ўстановы (напр., узнос у натарыяльную кантору кватэрнай платы ў выпадку спрэчкі аб яе памеры).
3) Сума грошай, якая ўяўляе сабой абумоўленую частку агульнай вартасці ф’ючэрснага кантракта (гл. ў арт. Ф’ючэрс) або цвёрдую суму, якая павінна быць аплачана членам біржы разліковай палаты, а кліентамі — брокеру, калі кантракт рэгіструецца.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)