МЕКСІКА́НСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Займае акваторыю Мексіканскага заліва і прылеглыя да яе тэр. ЗША, Мексікі, Кубы, Гватэмалы і Беліза. Пл. каля 2,5 млн. км². Нафтагазаносныя адклады ад юры да антрапагену. Больш за 5 тыс. нафтавых і 4 тыс. газавых і газакандэнсатных радовішчаў. Пач. запасы нафты і кандэнсату 18,3 млрд. т, газу — 14,6 трлн. м³. Найб. радовішчы: Іст-Тэксас (нафтавае), Манро (газавае). Здабыча нафты вядзецца з канца 19 ст. ў ЗША і з пач. 20 ст. ў Мексіцы.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭКСА́КА ІНК.»

(Texaco Inc.),

буйная нафтагазавая манаполія ЗША. Здабывае і перапрацоўвае энергет. сыравіну (пераважна нафту і газ), вырабляе і рэалізуе альтэрнатыўныя віды энергіі, масла і паліва, кіруе гандл. і трансп. падраздзяленнямі. Засн. ў 1902 як «Тэксас К°». З 1959 сучасная назва. У 2001 аб’ядналася з кампаніяй «Шэўрон карп.» і стала наз. «Шэўрон Тэксака карп.» Штаб-кватэра ў г. Сан-Францыска. Агульныя запасы нафты і газавага кандэнсату 11,5 більёнаў барэляў, аб’ём здабычы 2,7 млн. барэляў (2001). Мае 35 нафтаперапр. з-даў, 51 танкер, сетку трубаправодаў, 14 н.-д. цэнтраў у 7 краінах, 25 тыс. станцый абслугоўвання па ўсім свеце. У вытв-сці занята 53 тыс. чал. (2001).

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЛБІ (Kilby) Джэк Сент-Клер (н. 8.11.1923, г. Грэйт-Бенд, ЗША),

амерыканскі інжынер-электратэхнік; вынаходнік інтэгральнай схемы. Чл. Нац. інж. акадэміі ЗША (1967). Скончыў Ілінойскі (1947) і Вісконсінскі (1950) ун-ты. З 1947 у фірме «Цэнтралаб» (г. Мілуокі), з 1958 у кампаніі «Тэксас інструментс» (г. Далас). У 1978—84 праф. Тэхаскага с.-г. і маш.-буд. ун-та. Вынайшаў маналітную паўправадніковую інтэгральную схему (мікрачып, 1958), партатыўны электронны калькулятар, паўправадніковы тэрмаграфічны прынтэр (1967, разам з інш.). Аўтар многіх вынаходстваў, якія выкарыстоўваюцца ў мікраэлектроннай тэхналогіі. Нобелеўская прэмія 2000 (з Ж.А.Алфёравым, Г.Кромерам; гл. Дадатак). Нац. навук. медаль ЗША (1969).

Тв.:

Рус. пер. — Возможное становится реальным: Изобретение интегральных схем // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №9.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Кілбі.

т. 18, кн. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)