Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg), ледзяная гара,
вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б.ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).
Утварэнне айсберга.Айсберг каля берагоў Грэнландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААРЫ́ (сапр.Аджамян) Гурген Рыгоравіч
(14.8.1903, г. Ван, Турцыя — 16.7.1969),
армянскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Арменіі (1965). У 1915 з інш. бежанцамі перасяліўся з Турцыі ў Расію. У 1937—56 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Тытанік» (1924), «Пара выспявання пладоў» (1930), «Давільня» (1960), кн. апавяданняў «Пра каханне, рэўнасць і садоўнікаў Ніцы» (1929), гіст. рамана «Сады гараць» (1966), кн. мемуараў «Чарэнц-намэ» (1968) і інш. У аўтабіягр. трылогіі («Дзяцінства», 1929; «Юнацтва», 1930; «На парозе маладосці», 1955) — трагічны лёс зах. армян у пач. 20 ст. Быў знаёмы з Я.Купалам. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.Гіль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРНО́Ў, Сарноф (Sarnov, Sarnoff) Давід (Дэвід, 27.2.1891, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1971), амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё- і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы д-р Калумбійскага, Нью-Йоркскага і інш. ун-таў. Брыгадны генерал (1944). З 1900 у ЗША. З 1906 у «Кампаніі бяздротавага тэлеграфа Марконі» (Нью-Йорк). З 1919 у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (з 1922 віцэ-прэзідэнт, з 1930 прэзідэнт, у 1947—70 старшыня савета дырэктараў). З пач. 1920-х г. дарадца 10 прэзідэнтаў ЗША. 14.4.1912 прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік», які тануў, і 3 сут падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі. Выказаў ідэі муз. радыёвяшчання і выпуску радыёпрыёмнікаў (1915—16). Заснаваў Нац. радыёвяшчальную кампанію Эн-Бі-Сі (1926). Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магн. відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны маст. фільм (1964). Удзельнічаў у стварэнні сістэм касм. сувязі, камп’ютэрызацыі ЗША. Міжнар.ін-т інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).
Тв.:
Looking ahead: The papers of David Sarnoff. New York, 1968.
Літ.:
Lyons E. David Sarnoff: A biography. New York, 1966;
Dreher C. Samoff: An american success. New York, 1977;
Bilby K.W. The General: David Samoff and the rise of the communications industry. New York, 1986.