Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Будынак цагляны, складаецца з крыжовага ў плане асн. аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам чацвярык з вял. светлавым васьмігранным барабанам з купалам. Бабінец завершаны 3-яруснай вежай-званіцай (2 чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаны галоўкамі. У дэкоры выкарыстаны плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохвугольных франтонаў, двухколерная тынкоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АЭРАВАКЗА́Л.
Пабудаваны ў 1986 (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка) за 18 км на У ад Брэста з боку Маскоўскай шашы. Разлічаны на 400 пасажыраў. Складаецца з трох квадратных у плане аб’ёмаў, злучаных паміж сабой. У цэнтр. аб’ёме аперацыйная зала, перакрытая метал. канструкцыяй (структурай), што надае своеасаблівасць інтэр’еру, у другім — рэстаран, сталовая, у трэцім — адм. памяшканні, багажнае аддзяленне і інш.
Фасады вылучаюцца выразнай пластыкай, своеасаблівай арх.-маст. кампазіцыяй, у якой дамінуюць цэнтральна размешчаная дыспетчарская вежа і вуглавыя лесвіцы. У аддзелцы выкарыстаны мармур і граніт, пліткі «акмігран» і гіпсавыя для столі, шклопакеты для вітражоў, высакаякасная тынкоўка. Аўтарам праекта прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПСАВЫЯ І ГІПСАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,
будаўнічыя вырабы з гіпсавага цеста (сумесь гіпсу і вады) і гіпсабетону (аснову яго складаюць гіпсавыя вяжучыя рэчывы з мінер. і арган. запаўняльнікамі і дабаўкамі, што запавольваюць схопліванне). Да іх адносяцца: гіпсабетонныя панэлі і пліты для перагародак, панэлі для асновы падлогі, перакрыццяў, камяні для вонкавых сцен, вентыляцыйныя блокі, сан.-тэхн. кабіны, абшыўныя лісты («сухая тынкоўка»), цепла- і гукаізаляцыйныя пліты, арх. дэталі і інш. Бываюць арміраваныя і неарміраваныя, суцэльныя, пустацелыя і ячэістыя. Фармуюцца ліццём, вібрыраваннем, прасаваннем і пракаткай. Яны лёгкія, вогнеўстойлівыя, з высокімі гукаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, але воданяўстойлівыя і адносна невял. трываласці. Выкарыстоўваюцца ў канструкцыях (акрамя нясучых), ахаваных ад сістэм. ўвільгатнення, у памяшканнях з невысокай (да 60%) адноснай вільготнасцю паветра.
Гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы: 1—3 — гіпсавыя перагародачныя пліты (суцэльная, пустацелая і арміраваная чаротам); 4 — гіпсабетонная перагародачная панэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.
Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.