АР’ЕРГА́РД (ад франц. arrière задні, тылавы + garde варта),
мотастралковая (танкавая) часць (падраздзяленне), прызначана для прыкрыцця войскаў у час іх адыходу або маршу ад фронту ў тыл. Ідзе следам за гал. сіламі. Задача ар’ергарду затрымаць наступаючыя сілы праціўніка, выйграць час, неабходны для адрыву гал. сіл, і забяспечыць ім планамерны адыход на новыя рубяжы. Склад. задачы і аддаленасць ар’ергарду ад гал. сіл залежыць ад памеру калоны і баявых абставін. Звычайна асн. сілы ар’ергарду ўзмацняюцца ці падтрымліваюцца інш. спец. падраздзяленнямі і авіяцыяй.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.
М.М.Смальянінаў.
т. 6, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
1) ваенна-адм. адзінка рас. арміі ў 1-ю сусв. вайну. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваеннай акругі; тылавы раён Паўночна-Заходняга фронту, з 1915 — Заходняга фронту 1915—18. У 1917 уключала Магілёўскую, Смаленскую, Калужскую губ., часткі Віцебскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. На тэр. акругі знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага (г. Баранавічы, Магілёў). Узначальваў акругу гал. начальнік, пры якім дзейнічаў штаб (дыслацыраваўся ў Мінску, потым у Смаленску). Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкамі для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, пытаннямі цэнзуры, контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны ў пач. 1918.
2) Назва з 28 ліст. да 14 снеж. 1918 Беларускай ваеннай акругі.
3) Ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навуч. і інш. устаноў Сав. Арміі пасля Вял. Айч. вайны. Існавала з 9.7.1945 да 4.2.1946 на тэр. Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Маладзечанскай і Полацкай абл.; упраўленне размяшчалася ў Мінску. Аб’яднана разам з Баранавіцкай ваен. акругай у Бел. ваен. акругу.
А.М.Лукашэвіч.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
паўночна-ўсх. адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты). Падзяляецца на шэраг вял. структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вял. Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўд.-зах. ускраіны Усх.-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтр. і ўнутр. зоны. Унутр. і цэнтр. зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15—20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4—5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутр. Карпаты аддзелены зонай вял. глыбіннага насову. Ва Унутр. Карпатах на тэр. Украіны вылучаецца Мармарошскі крышт. масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Перамяшчэнні покрываў на 15—20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутр. Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутр. краю Карпацкай дугі праходзіць найб. ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутр. Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.
А.Ф.Санько, Т.Каліцкі.
т. 8, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)