ГЛЕ́БАЎ (Ігар Аляксеевіч) (н. 21.1.1914, С.-Пецярбург),

рускі вучоны ў галіне электраэнергетыкі і электрамашынабудавання. Акад. АН СССР (1976). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1938). З 1946 у ленінградскіх ін-це авіяпрыладабудавання і тэхнал. ін-це харч. прам-сці. З 1961 ва Усесаюзным НДІ электрамашынабудавання (з 1973 дырэктар), у 1983—89 старшыня Прэзідыума Ленінградскага навук. цэнтра АН. Асн. працы па праблемах стварэння магутных сінхронных машын і эл.-энергет. сістэм, выкарыстання звышправоднасці ў электрамашынабудаванні. Заклаў навук. асновы сістэм узбуджэння і аўтам. рэгулявання турба- і гідраагрэгатаў. Дзярж. прэмія СССР 1968.

Тв.:

Научные основы проектирования систем возбуждения мощных синхронных машин. Л., 1988;

Научные основы проектирования турбогенераторов. Л., 1986 (разам з Я.​Б.​Данілевічам);

Диагностика турбогенераторов. Л., 1989 (з ім жа).

І.А.Глебаў.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІН (Аляксандр Аляксандравіч) (14.2.1895, г. Уладзімір, Расія — 13.5.1985),

расійскі вучоны, канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1943). Ген.-м. інж.-тэхн. службы (1944). Герой Сац. Працы (1940). Вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це (1913—14), скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1922). З 1923 канструктар, з 1925 гал. канструктар у Навук.-аўтаматорным ін-це. Стварыў рухавікі АМ-34, АМ-35 і інш. Рухавік АМ-35А (1200 к.с.) быў устаноўлены на знішчальніках канструкцыі А.​І.​Мікаяна. У Вял. Айч. вайну кіраваў распрацоўкай рухавіка АМ-38Ф для штурмавіка ІЛ-2 і ГАМ-35Ф для тарпедных катэраў і рачных бранякатэраў. З 1943 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Распрацаваў першы айч. турбакампрэсар, удзельнічаў у стварэнні турбавінтавых і турба-рэактыўных рухавікоў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

А.А.Мікулін.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,

гастраподы (Gastropoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.

Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.

Бруханогія малюскі. Задняшчэлепныя: 1 — трытонія Хомберга; пярэдняшчэлепныя: 2 — тыгровая цыпрэя, 3 — мармуровая турба, 4 — гіганцкі стромбус; лёгачныя: 5 — блакітны смоўж.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРНО (Brno),

горад на У Чэхіі. Адм. ц. Паўднёва-Мараўскай вобласці. 390 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (турба-, трактара-, прыладабудаванне, вытв-сць хім. абсталявання і інш.), шарсцяная, хім., паліграф., харч., мэблевая, буд. матэрыялаў. Штогадовы міжнар. прамысл. кірмаш. Філіял Чэшскай АН. Акадэмія муз. мастацтваў. Ун-т. Музеі. Міжнар. муз. фестывалі (з 1966).

Упершыню ўпамінаецца як замак у 1091. З канца 11 ст. цэнтр удзельных княстваў Пржамысловічаў, з канца 12 ст. рэзідэнцыя мараўскага маркграфа. У 1243 абвешчаны вольным каралеўскім горадам, значнае развіццё атрымаў у 13—15 ст. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў, адм., гасп. і культ. цэнтр Маравіі. Каля Брно (г. Аўстэрліц, цяпер г. (Слаўкаў) адбылася Аўстэрліцкая бітва 1805. З 1918 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, з 1969 у Чэш. Рэспубліцы.

Гіст. ядро горада размешчана на рачных тэрасах паміж скалістымі пагоркамі Шпільберк і Петраў. Горад 13—16 ст. (з ірэгулярнай планіроўкай, вузкімі вуліцамі, авальнымі ў плане ўмацаваннямі) перабудаваны ў 17—18 ст. і асабліва ў 19—20 ст. За межамі гіст. цэнтра радыяльныя праспекты з пабудовамі ў духу эклектызму, стылю «мадэрн» і функцыяналізму. Сярод помнікаў архітэктуры: замак на пагорку Шпільберк (13—18 ст.), гатычны сабор св. Пятра і Паўла (14—19 ст.), Старая (14—16 ст.) і Новая (16—18 ст.) ратушы, рэнесансавыя жылыя дамы, Дытрыхштэйнскі палац (1616—19, барока, цяпер Мараўскі музей). Комплекс Міжнар. прамысл. кірмашу (з 1920-х г.), Мараўскі банк (1930—31, арх. Б.​Фукс), віла «Тугендхат» (1930—31, арх. Л.​Міс ван дэр Роэ) пабудаваны ў стылі функцыяналізму. Тэатр оперы і балета імя Л.​Яначака (1958—65), гасцініца «Кантыненталь» (1960-я г.), новыя жылыя раёны (Лесна, Жабавржэскі і інш.).

Горад Брно.
Да арт. Брно. Сабор Святога Пятра.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)