Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТА́ЎКАў кніжнай графіцы,
невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.
Застаўка з рукапісу 11 ст.Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.Застаўка з «Бібліі» Ф.Скарыны. 1518.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МЕНТ (ням. Pergament ад грэч. Pergamos Пергам, горад у М. Азіі, дзе ў 2 ст. да н.э. пачалі выраб П.),
від нядубленай спец. апрацаванай скуры. Валодае адносна вял. трываласцю на разрыў (10—12 кгс/мм2). Са стараж. часоў выкарыстоўваўся як асн. матэрыял для пісьма, вырабу калчанаў і шчытоў. Да вынаходства кнігадрукавання на П. былі напісаны асн. пісьмовыя помнікі ў Еўропе 10—пач. 15 ст. На Беларусі з 11 ст. вядомыя ў асн. богаслужэбныя і рэлігійныя кнігі: Тураўскае евангелле, Полацкае евангелле (канец 12 ст.), Аршанскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, творы Кірылы Тураўскага, «мінеі-чэцці» і інш. Вядомы таксама віды П.: скура для дэталей ткацкага станка, шпагат і муз. П. для барабанаў.