Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВЫ́Я ТУМА́ННАСЦІ,
воблакі міжзорнага рэчыва, якія ўтрымліваюць вял. колькасць касм. пылу (да 104 часцінак/см³; гл.Туманнасці галактычныя). Назіраюцца як цёмныя вобласці, скрозь якія не бачны размешчаныя за імі зоркі, радзей як светлыя адбівальныя туманнасці, калі блізка знаходзіцца яркая зорка і яе святло адбіваецца часцінкамі пылу (папярочнік асветленай вобласці не большы за 1 пс). Многа цёмных П.т. знаходзіцца ў вобласці Млечнага Шляху (яны ўтвараюць доўгую паласу). Найб. вядомыя з іх «Конская Галава» і «Вугальны Мяшок» (памеры апошняй 8 пс, адлегласць 150 пс). Вял. колькасць адбівальных П.т. знаходзіцца ў спіральных рукавах Галактыкі; разам з газавымі туманнасцямі яны ўтвараюць газава-пылавыя комплексы памерам у дзесяткі і сотні парсек. Невял. ўтварэнні з канцэнтрацыяй пылу ў дзесяткі і сотні разоў большай, чым у П.т., наз. глобуламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЁНА ВЯЛІ́КАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,
адно з найбольшых газава-пылавых воблакаў, бліжэйшае да Сонечнай сістэмы ў Галактыцы. Адлегласць да Арыёна вялікай туманнасці каля 300 пс. Мае выгляд мігатлівай бледнай плямы ў сузор’і Арыёна пад трыма яркімі зоркамі «пояса Арыёна». Папярочнік туманнасці больш за 5 пс. Належыць да эмісійных туманнасцяў. Сярэдняя шчыльнасць у 1017 разоў меншая за шчыльнасць паветра. Эмісійныя газава-пылавыя туманнасці могуць з’яўляцца раёнамі актыўнага зоркаўтварэння. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАМЕ́ДЫ ТУМА́ННАСЦЬ,
найбліжэйшая да нашай Галактыкі гіганцкая спіральная галактыка, самая яркая ў Паўн. паўшар’і неба. Маса (3—5) ∙ 1011 масаў Сонца, адлегласць ад Зямлі 700 кпк. Бачна простым вокам (як туманная «плямка») у сузор’і Андрамеды. Зоркавая прырода Андрамеды туманнасці выяўлена ў 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ АСАЦЫЯЦЫІ,
самыя маладыя і вял. рассеяныя зорныя скопішчы. З-за вял. памераў З.а. маюць малое ўзаемнае прыцягненне, якое не можа ўтрымаць зоркі разам, таму ўзрост зорак меншы за час распаду асацыяцыі. Вывучэнне З.а. спрыяла ўзнікненню зорнай касмагоніі.
З.а. адкрыты ў 1947 В.А.Амбарцумянам як актыўныя вобласці ўтварэння зорак. Выяўляюцца спектральнымі метадамі. Складаюцца з надзвычай яркіх маладых зорак спектральнага класа O ці ранніх падкласаў B (O-асацыяцыі). Сукупнасць некалькіх З.а. наз. агрэгатам. Такі агрэгат ёсць у туманнасці Арыёна, мае цёмныя і светлыя туманнасці, зоркі класаў O і B. З.а., якія складаюцца з маладых няправільных пераменных зорак, наз. T-асацыяцыямі; сустракаюцца ў абласцях, дзе многа касм. пылу. Пераменнасць зорак выклікана іх унутранымі ўзбурэннямі, што пацвярджаецца наяўнасцю ў спектрах большасці з іх інтэнсіўнага ультрафіялетавага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́ ВЕРАНІ́КІ (лац. Corna Berenices),
невялікае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 50 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. Простым вокам назіраецца зорнае скопішча, магутныя тэлескопы выяўляюць пазагалактычныя туманнасці (галактыкі). У сузор’і Валасы Веранікі размешчаны Паўн. полюс Галактыкі. На тэр. Беларусі відаць зімой, вясной і летам. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГА́НТЫ, зоркі-гіганты,
зоркі вялікіх памераў (10—1000 радыусаў Сонца) і вялікіх свяцільнасцей (100—1000 адзінак свяцільнасці Сонца). Маюць малыя сярэднія шчыльнасці (10−2—10−4кг/м³) з прычыны працяглых разрэджаных абалонак. У некаторых гігантах адбываецца інтэнсіўнае выцяканне рэчыва з паверхні (карпускулярная няўстойлівасць), што можа прывесці да ўтварэння планетарнай туманнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),
Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.