КАРЫ́БСКІЯ А́НДЫ (Cordillera de los Andes Caribes),

горы на Пн Венесуэлы ў Паўд. Амерыцы. Даўж. каля 800 км. Складаюцца з Берагавой Кардыльеры (выш. да 2765 м) і ўнутранага хр. Серанія-дэль-Інтэр’ёр (выш. да 2600 м). Утвораны з метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі ў восевай зоне. паўд. ч. — з эфузіўных і асадачных парод, у мезакайназоі. Каля паўд. падножжа радовішчы нафты і газу. Хрыбты раздзелены падоўжнай тэктанічнай катлавінай, у межах якой знаходзіцца воз. Валенсія і даліна р. Туй. Землетрасенні. На схілах ксерафітныя лясы і хмызнякі, вышэй за 900—1000 м горныя лістападныя і вечназялёныя лясы. Некалькі нац. паркаў.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54° паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за ​3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга Пд Паўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.

А.​М.​Петрыкаў.

Птушкі Новазеландскай біягеаграфічнай вобласці: 1 — ківі; 2 — такахе; 3 — папугай савіны; 4 — медасос-туй; 5 — гуя (а — самец, б — самка); 6 — зеленагруды пладаедны голуб.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Зах.-Сібірскай раўніны, у Рас. Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. На Пд мяжуе з Казахстанам. Пл. 139,7 тыс. км². Нас. 2180 тыс. чал. (1998), гарадскога 67,2%. Цэнтр — г. Омск. Найб. гарады: Ісількуль, Тара, Калачынск.

Паверхня пераважна раўнінная (выш. 100—140 м), на Пн забалочаная, на Пд невял. выцягнутыя ўзвышшы — грывы. Карысныя выкапні: гліна, пясок, мергель, торф; у азёрах мірабіліт і кухонная соль. Клімат кантынентальны, умерана халодны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака Іртыш з прытокамі Ом, Тара, Туй (справа), Ішым, Оша (злева). Шмат азёр. На Пн і ў цэнтр. ч. прэсныя (Тэніс, Ік, Салтаім), на Пд салёныя (Эбейты). Глебы чарназёмныя (на Пд), балотныя і дзярнова-падзолістыя (на Пн і ПнЗ), ёсць саланцаватыя і саланчакі. О.в. размешчана ў зонах паўднёватаежных і мяшаных лясоў, лесастэпу і стэпу. Пад лесам і хмызнякамі каля 25% тэрыторыі. На Пн лясы з кедра, елкі, піхты, далей на Пд бярозава-асінавыя лясы, у лесастэпе — калкі.

О.в. — адзін з найб. развітых раёнаў Зах. Сібіры. Гал. галіна — нафтаперапр. (45,7% кошту прамысл. прадукцыі), прадстаўлена Омскім нафтаперапр. з-дам. Развіты хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас, мыйных сродкаў, медпрэпаратаў, лакаў, фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць матораў, самалётаў, ракет, тэлевізараў, магнітафонаў, газавай апаратуры, збожжаўборачных камбайнаў, трактарных прычэпаў, запчастак для с.-г. машын). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (4 у г. Омск). На мясц. сыравіне працуюць харч. (масласыраробная, мясная, мукамольная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць піламатэрыялаў, дачных домікаў, мэблі), часткова лёгкая (аўчынна-футравая, гарбарна-абутковая, ільняная, швейная, трыкат., дывановая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна- і авечкагадоўлі. Пасяўныя плошчы займаюць 3,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (яравая пшаніца, жыта, ячмень, авёс) 60% плошчы, тэхн. (сланечнік, лён) — 0,3%, кармавымі — 37,8%, бульбай і агароднінай — 1,9%. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коней, птушку. Пушны промысел (вавёрка, андатра, гарнастай і інш.); зверагадоўля. Даўж. чыгунак 886 км. Асн. чыгункі Транссібірская магістраль, Омск—Цюмень—Екацярынбург. Даўж. аўтадарог 7264 км. Унутр. водныя шляхі складаюць 1667 км. Суднаходства па рэках Іртыш, Ішым. Нафтаправоды Транссібірскі і Ніжнявартаўск—Усць-Балык—Омск.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)