ЛАКАМАБІ́ЛЬ (франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),
перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б.СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ, лесапілаванне,
вытворчасць дрэваапрацоўчай прамысловасці па вырабе піламатэрыялаў (дошкі, брусы, шпалы) з бярвён. Дадатковая прадукцыя — тэхнал.трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Перапрацоўка бярвён ажыццяўляецца на лесапільных з-дах, якія ўключаюць лесапільныя, сушыльныя, дапаможныя цэхі, склады сыравіны і піламатэрыялаў. На складах праводзіцца выгрузка бярвён, сартаванне, укладка ў штабелі для зімовага захоўвання, акорванне і падача ў лесапільны цэх для распілоўкі. На гэтых работах выкарыстоўваюцца крану (кабельныя, казловыя, вежавыя), ланцуговыя і тросавыя транспарцёры, лябёдкі, бярвёнацягалкі і інш. У лесапільным цэху падоўжнае распілоўванне бярвён і брусоў робяць на стужка- і круглапільных станках, лесапільных рамах. Кавалкавыя адходы перапрацоўваюць на тэхнал.трэскі рубільнымі машынамі. Піламатэрыялы сартуюць, укладваюць у пакеты і адвозяць на склад для атм. сушкі або ў сушыльны цэх для камернай сушкі. Таварныя піламатэрыялы канчаткова сартуюць, тарцуюць, укладваюць у шчыльныя трансп. пакеты і адгружаюць спажыўцу. Выхад піламатэрыялаў з бярвён складае ў сярэднім 60—65%. На Беларусі Л.в. развіта вельмі шырока: на буйных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам», на большасці прадпрыемстваў як дапаможныя лесапільныя цэхі, у калгасах, саўгасах і інш. гаспадарках. 24 лесапільныя прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» вырабілі 467,8 тыс.м³ піламатэрыялаў (1998), у т. л. «Мастоўдрэў» 56,4 тыс., «Мазырдрэў» 49,5 тыс., «Фандок» 48,1 тыс., «Лунінецлес» 46,6 тыс., «Віцебскдрэў» 34,5 тыс., «Гомельдрэў» 32,2 тыс., «Пінскдрэў» 27 тыс., «Івацэвічдрэў» 22,8 тыс., «Магілёўлес» 28,8 тыс., «Магілёўдрэў» 20,1 тыс.м³ і інш.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесапільная вытворчасць. Лесапільны цэх у вытворчым аб’яднанні «Гомельдрэў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКАРЭ́ВІЧ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.11.1890, г. Слонім Гродзенскай вобл. —28.2.1942),
бел. гісторык, перакладчык. Д-рфілал.н. (1940), праф. (1941). Скончыў Гродзенскую гімназію (1912), Петраградскі ун-т (1917). Ўдзельнічаў у рабоце Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, адзін з заснавальнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. У 1919—22 выкладаў у Томскім, з 1925 — Ленінградскім ун-тах (з 1941 заг. кафедры), адначасова супрацоўнік навук. устаноў. Даследаваў бел. л-ру, гісторыю, мову і культуру славян. Пераклаў на рус. мову аповесць З.Бядулі «Салавей» і зб.апавяд. Ц.Гартнага «Трэскі на хвалях» (абодва 1928). Пасля смерці Б.І.Эпімах-Шыпілы (1934) захоўваў яго асабісты архіў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЎНЯ́ЛЬНІКІдля бетонаў і раствораў,
прыродныя або штучныя сыпкія матэрыялы, якія ў сумесі з вяжучымі рэчывамі і вадой (часам без яе) утвараюць бетоны 1 будаўнічыя растворы. Складаюць да 85% іх аб’ёму, дазваляюць рэгуляваць іх уласцівасці.
Падзяляюцца на дробныя з памерам зерняў да 5 мм (пераважна пясок) і буйныя 5—70 мм (жвір, друз); цяжкія, або шчыльныя (прыродныя, пераважна кварцавыя, і драблёныя пяскі. а таксама жвір і друз з розных парод, металург. шлакаў і інш. матэрыялаў) і лёгкія, або порыстыя (штучныя — аглапарыт, керамзіт. успучаныя вермікуліт і перліт, шлакавая пемза, паліўныя шлакі і попел; прыродныя — драблёныя порыстыя горныя пароды: пемза, туф, ракушачнік і інш.). Выкарыстоўваюць таксама арган. З.: пілавінне, драўняную стружку, трэскі, драблёны чарот, успучаныя палімерныя гранулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,
прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл.Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́НДЖАННЕ,
спосаб апрацоўкі харч. прадуктаў (пераважна сала, мяса, рыбы, сыру) для павышэння стойкасці пры доўгім захоўванні і надання ім спецыфічных смакавых якасцей; адзін са спосабаў кансервавання. Заснаваны на бактэрыцыдным і бактэрыястатычным дзеянні дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей і парашкоў. Разнавіднасці вэнджання — абсмажванне і запяканне ў дыме.
Прамысл. вэнджанне робіцца ў спец. вяндлярных прыстасаваннях дымам ад няпоўнага згарання драўніны ліставых парод: халоднае пры т-ры 18—22 °C працягласцю прыблізна 3—7 сутак (мясных прадуктаў) і 20—40 °C працягласцю 0,5—3 сутак (рыбных); гарачае пры т-ры 35—50 °C на працягу 12—48 гадз і 80—160 °C на працягу 0,5—6 гадз. Пры мокрым вэнджанні вяндлярныя вадкасці наносяць на прадукты, дадаюць у фарш (пры вырабе каўбас) або ў сумесь для салення (пры вырабе вяндліны) Выкарыстоўваецца і эл. (паскораны) спосаб вэнджання, пры якім іанізаваныя токам часцінкі дыму накіравана рухаюцца ў эл. полі высокага напружання і асядаюць на паверхні прадуктаў. На Беларусі здаўна свіныя лапаткі, кумпякі, каркавіну, каўбасы вэндзілі ў дамашніх вяндлярнях, комінах, лазнях, ёўнях. На паліва ішлі трэскі, стружкі, пілавінне дубу, вольхі, клёну, ясеню, каштану, яблыні, грушы. Каб надаць вяндліне прыемны пах, палілі ядловец (з іголкамі і шышкаягадамі), ельнік з шышкамі.
К.В.Фамічэнка.
Бытавое вэнджанне: а — у драўлянай бочцы без дна (1 — грунт, 2 — цэгла, 3 — мешкавіна, 4 — вешала з прадуктамі, 5 — падтопак); б — у трубе (1 — газавая гарэлка, 2 — цэгла, 3 — пілавінне для дымаўтварэння, 4 — фольга з адтулінамі); в — у цаглянай вяндлярні (1, 4 — засаўкі, 2 — перакладзіна з вешаламі, 3 — жалезны ліст для раўнамернага размеркавання дыму, 5 — печка, 6 — паддон з тлеючым пілавіннем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал.трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.
На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і З рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн.м³ драўніны. У Вял.Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс.га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн.м³, у т. л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т. л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс.м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс.м³ трэсак і пілавіння.
Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал.трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;