трубчастая печ

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІ,

стрыжні (слупы, брусы), якія апускаюць у грунт для перадачы нагрузак ад збудаванняў. Бываюць жалезабетонныя, бетонныя, металічныя, драўляныя. Апускаюцца ў грунт палябойным абсталяваннем, завінчваннем, бетанаваннем у шчыліне.

Выкарыстоўваюцца для стварэння палевых фундаментаў, мастоў, падпорных сцен, у канструкцыях набярэжных, прычальных збудаванняў, плацін і інш. У асобных умовах выкарыстоўваюцца шпунтавыя П., якія ставяцца шчыльна адна да адной і ствараюць шпунтавыя загароды. Для сувязі верхніх частак П. робіцца ростверк, які служыць апорнай плітой ці бэлькай для збудавання. Пабудовы на П. вядомыя, у т. л. на Беларусі, з эпохі неаліту. Будаваліся па берагах рэк, азёр, на балотах, у т. л. для засцярогі ад паводак, звяроў і ворагаў.

Па́лі: 1 — драўляная; 2 — жалезабетонная суцэльная; 3 — жалезабетонная трубчастая; 4 — металічная трубчастая вінтавая.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ будаўнічыя,

мяккія абалонкі з тэхн. тканін ці арміраваных плёнак, нясучая здольнасць якіх забяспечваецца ўнутр. ціскам паветра. Адрозніваюць П.к. паветраапорныя (сціснутае паветра падаецца непасрэдна пад абалонку збудавання) і паветранясёныя (моцна сціснутае паветра напаўняе толькі нясучыя элементы). Выкарыстоўваюцца ў якасці памяшканняў для складоў, гаражоў, рамонтных майстэрняў, укрыцця аб’ектаў, якія будуюцца.

Да арт. Пнеўматычныя канструкцыі: а — паветраапорная; б — паветранясёная; 1 — паветраны шлюз; 2 — абалонка; 3 — паветрадуўка; 4 — пнеўматычны каркас (трубчастая арка).

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ПНІК (Phlomis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На Беларусі вырошчваюць З. клубняносны (Ph. tuberosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак. Лек., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях З. клубняноснага ядомыя.

Зопнік клубняносны.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),

род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).

Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.

У.​У.​Галубкоў.

Гіпагімнія ўздутая.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,

прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.

Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.

Схема вярчальнай печы: 1 — сістэма ачысткі газаў; 2 — фарсункі для падачы шыхты (пульпы); 3 — цеплаабменныя прыстасаванні; 4 — зубчастая перадача; 5 — металічны барабан, 6 — фарсункі для паліва.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)