ПАЛІЭ́ДР (ад палі... + грэч. hedra аснова, грань),

аб’яднанне канечнай колькасці выпуклых мнагаграннікаў у n-мернай прасторы, размешчаных так, што ўсякія 2 з іх або не перасякаюцца, або іх перасячэнне з’яўляецца гранню кожнага з іх. Аднамерныя П. — ламаныя лініі. У двухмерным выпадку П. — замкнуты многавугольнік (не абавязкова выпуклы) разам з абмежаваным ім кавалкам плоскасці. Трохмерны П. — мнагаграннік.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),

скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл. Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,

кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.

Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.

Да арт. Галаграфічнае кіно. Схема галаграфічнай кіназдымкі: 1 — лазеры; 2 — рассейвальныя пласціны; 3 — аб’ект здымкі; 4 — кіназдымачны аб’ектаў; 5 — кінаплёнка; 6 — відарыс аб’екта на кінаплёнцы; 7 — апорны светлавы пучок.
Да арт. Галаграфічнае кіно. Схема ўзнаўлення відарыса аб’екта пры дэманстрацыі галаграфічнага фільма: 1 — участак кінаплёнкі з галаграмай; 2 — апорны светлавы пучок; 3 — крыніца святла; 4 — узноўлены прадметны пучок; 5 — кінапраекцыйны аб’ектыў; 6 — павялічаны відарыс аб’екта; 7 — галаграфічны экран; 8 — размножаныя аб’ёмныя відарысы; 9 — зрокавыя зоны.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)