Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (галанд. lood),
навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручныЛ. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічныЛ. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААХО́ВА,
комплекс мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў для засцярогі будынкаў, збудаванняў, электратэхн. установак ад пашкоджанняў пры прамых ударах маланкі.
Кампактныя аб’екты ахоўваюць стрыжнёвымі маланкаадводамі (разлічваюцца на ток да 200 кА, супраціўленне зазямлення да 10—20 Ом), працяглыя аб’екты — тросавымі маланкаадводамі. Стальныя тросы падвешваюць над аб’ектам (напр., над паветранай лініяй электраперадачы) і зазямляюць. Ахоўная зона тросавага маланкаадвода мае форму трохграннай прызмы, рабром якой служыць трос. Для аховы эл. абсталявання (трансфарматараў, эл. машын і інш.), злучанага з правадамі паветр.ЛЭП, ад навальнічных перанапружанняў выкарыстоўваюць разраднікі. М. жылых будынкаў з метал. дахам робіцца зазямленнем даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НА (ад франц. mine руднік, шахта, падкоп),
1) боепрыпас, які выкарыстоўваюць для ўзрыўных загарод на сушы і моры. Першапачаткова М. называлі падкоп пад крапасную сцяну; у фартыфікацыі — мінную галерэю (падземны штучны ход да ўмацавання праціўніка); пазней — зарад выбуховага рэчыва, закладзены на пэўнай глыбіні. У канцы 18 ст. створаны плаваючыя, якарныя, у 2-й пал. 19 ст. самарушныя марскія М. (гл.Тарпеда) і палявыя самавыбуховыя фугасы — прататыпы сучасных проціпяхотных М. Адрозніваюць М. інжынерныя і марскія. Да інж. М. адносяць: проціпяхотныя, процітанкавыя, процідэсантныя, процітранспартныя, аб’ектныя, спецыяльныя і інш. Марскія М. бываюць донныя, плаваючыя, якарныя і інш. 2) Боепрыпас для стральбы з мінамётаў і гладкаствольных безадкатных гармат. Такія М. падзяляюцца на асколачныя, асколачна-фугасныя і фугасныя; запальныя, асвятляльныя, вучэбна-трэніровачныя і інш.
С.У.Чарных.
Да арт.Міна: а — артылерыйская; б — марская; в — інжынерная; 1 — корпус; 2 — зарад; 3 — узрывальнік; 4 — стабілізатар; 5 — мінрэп (трос); 6 — націскная накрыўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.
Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтоў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл.Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл.Мазырскі кабельны завод).
Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.