ТРАЎМАТАЛО́ГІЯ (ад траўма + ...логія),
галіна медыцыны, якая вывучае пашкоджанні апорна-рухальнай сістэмы (вывіхі, пераломы, расцяжэнні і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; найстараж. раздзел медыцыны, аснова хірургіі. Цесна звязана з артапедыяй. На Беларусі н.-д. работа вядзецца ў НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах. Гомельскім мед. ін-це. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка вытв., быт., дарожна-трансп. і дзіцячага траўматызму, лячэнне ўскладненых, спалучаных і множных пашкоджанняў касцей і суставаў, артраскапічная хірургія. эндапратэзаванне вял. суставаў, лячэнне траўмаў кісці, вострых ускладненых спінальных траўмаў і інш. Уклад у развіццё Т. зрабілі Я.Дз.Белаенка, І.Р.Варановіч, А.А.Губко, А.С.Крук, В.А.Маркс, Р.Х.Мініна, А.У.Руцкі і інш.
Літ.:
Воронович И.Р., Белоенко Е.Д. Очерки развития ортопедии и травматологии в Республике Беларусь // Мед. новости. 1997. №5.
А.М.Мухля.
т. 15, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),
раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.
Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.М.Пусепам у 1912.
На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.І.Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).
Літ.:
Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;
Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.
А.Ф.Смеяновіч.
т. 11, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)