Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ БРА́ЦКАЯ ЦАРКВА́.
Пабудавана ў 1906 у Брэсце. Мае традыц. чатырохчасткавую падоўжна-восевую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём з 5-купаллем, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Архітэктура храма вытрымана ў формах маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай, 8гранны ярус-звон, адкрыты арачнымі праёмамі з кілепадобнымі абрамленнямі). Гал. ўваход вылучаны аркадай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.
Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы ў г. Браслаў (Віцебская вобл.) каля стараж. замчышча. Чатырохчасткавы ў плане будынак 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з цыбулепадобнай гранёнай галоўкай на шатровым завяршэнні, невысокая трапезная, вялікі асн. аб’ём з пяцікупаллем на 4-схільным даху і 5-гранная апсіда. Фасады з кілепадобнымі аконнымі праёмамі і парталам, вуглавым рустам, ордэрнай сістэмай. У інтэр’еры трох’ярусны іканастас. Сцены ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1916 з цэглы ў г. Вілейка Мінскай вобл. Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 2-ярусная званіца (чацвярык на прамавугольным прытворы), завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобным купалком, трапезная, асн. аб’ём з бакавымі прыдзеламі накрыты 4-схільным дахам з 5 купаламі, паўкруглая апсіда. Гал. ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. У дэкоры выкарыстаны формы стараж.-рус. дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы вокнаў, аркатура, парэбрык, філёнгі). Іл.гл. да арт.Вілейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1772 з цэглы ў г. Бяроза Брэсцкай вобл. У выніку перабудовы напярэдадні 1-й сусв. вайны будынак набыў рысы класіцызму (трохвугольны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордэра, паўцыркульныя аконныя праёмы з руставанымі ліштвамі) і рэтраспектыўна-рускага стылю (закамары, шатровы дах званіцы і інш.). Мае традыцыйную 4-часткавую кампазіцыю: 3-ярусная званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі 1-нефавага бесслуповага храма дамінуе званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік рус. архітэктуры. Засн. ў канцы 14 ст., пабудаваны ў 1-й пал. 16 ст. ў пас. Барысаглебск каля г. Растоў (Яраслаўская вобл.). Вакол цэнтр. прамавугольнай плошчы — сабор Барыса і Глеба (1522—24, прыпісваецца арх. Р.Барысаву), трапезная (з царквой Благавешчання; 1524—26, арх. Барысаў; перабудавана ў 17 ст.), келлі (16 ст.), званіца (1680). Манастыр абкружаны сценамі з 14 вежамі і 2 цэрквамі 17 ст. Прамавугольныя ў плане сцены з сіметрычна пастаўленымі брамамі і вежамі надаюць ансамблю рысы рэгулярнасці, а свабоднае размяшчэнне багатых пабудоў — жывапісны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1819 з цэглы ў г. Верхнядзвінск (Віцебская вобл.). Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццем, трапезная, квадратны ў плане асн. аб’ём з высокім цыліндрычным барабанам са сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні, апсіда. Плоскасныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Арх. дэкор уключае простыя ліштвы вокнаў і сандрыкі з замковым каменем, пояс сухарыкаў на барабане, балюстрадную нішу званіцы. Інтэр’ер быў аздоблены арнаментальнай размалёўкай (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ШЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1886 у рэтраспектыўна-рус. стылі на месцы уніяцкага драўлянага храма 1795. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда. Верт. дамінанта — 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Цыбулепадобнае пяцікупалле ўвенчвае і 4-схільны дах асн. кубападобнага аб’ёму. Гал. і бакавыя ўваходы вырашаны магутнымі парталамі і апяразаны 3-лопасцевымі арачнымі нішамі. Фасады раскрапаваны прафіляванымі карнізамі з двухграннымі заломамі на бакавых плоскасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.
Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.