Транквілізатары (мед.) 9/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНКВІЛІЗА́ТАРЫ (ад лац. tranquillo супакойваю),

лекавыя сродкі, якія ўплываюць на тармажэнне ў ц. н. с.; група псіхатропных сродкаў. Найб. ужываюцца хім. рэчывы, вытворныя бензадыязепіну — хлозепід (эленіум), сібазон (седуксен, рэланіум), феназепам, назепам (тазепам), ксанакс і інш. Памяншаюць пачуццё страху, трывогі, псіхаэмацыянальнага напружання і інш. Валодаюць седатыўным, снатворным, процісутаргавым дзеяннем, расслабляюць мышцы Выкарыстоўваюцца пры неўрозах і неўрозападобных станах, эпілепсіі, сутаргах, артэрыяльнай гіпертаніі, стэнакардыі і інш. Валодаюць пабочнымі эфектамі: выклікаюць санлівасць, мышачную слабасць, псіхічную і фіз. залежнасць.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ (ад псіха... + грэч. tropos напрамак), псіхафармакалагічныя сродкі,

лекавыя сродкі, якія ўплываюць на ц. н. с. Асн. групы П.с.: антыдэпрэсанты; транквілізатары; нейралептыкі (напр., аміназін, галаперыдол); псіхастымулятары (аказваюць узбуджальнае дзеянне на псіхіку, напр., кафеін, фенамін); псіхічныя стабілізатары (напр., літый); наатропы (напр., цэрэбралізін), якія ўздзейнічаюць на абменныя і энергет. працэсы мозга; галюцынагены. Кожны П.с. валодае індывід. псіхафармакалагічнымі ўласцівасцямі — спектрам псіхатропнай актыўнасці, што вызначае клінічныя паказанні да яго ўжывання. З дапамогай П.с. лечаць псіхозы, псіхал. парушэнні: неўрозы, стан эмацыянальнага напружання і інш.

У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Я ДАБА́ЎКІ,

пажыўныя рэчывы, якія ўводзяць у рацыёны жывёл, каб забяспечыць найвышэйшую іх прадукцыйнасць і эфектыўнае выкарыстанне кармоў. Вядома больш за 100 К.д.: энергетычныя — сушаныя коранеклубняплоды, крухмал, мелес, кармавыя жывёльныя тлушчы, алеі, фасфатыды; небялковыя азоцістыя — карбамід, аманійныя солі, аміяк і аміячная вада, сінт. амінакіслоты; мінеральныя — даламітавы вапняк, вапняковы туф, сапрапель, азёрны глей, касцявая мука, фасфарын, касцявы попел, кармавы прэцыпітат і інш., у якіх ёсць макра- і мікраэлементы. З інш. дабавак выкарыстоўваюць вітамінныя, ферментныя прэпараты, гарманальныя рэчывы, кармавыя антыбіётыкі, транквілізатары, араматычныя, смакавыя і інш. рэчывы. К.д. ўключаюць у склад камбікармоў і кармавых сумесей паасобку або ў выглядзе бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДАТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія маюць заспакаяльны ўплыў. Адрозніваюць С.с. расл. паходжання (прэпараты валяр’яны, сардэчніку, півоні, пасіфлоры), сінт. (прэпараты брому, напр., натрыю і калію брамід) і камбінаваныя (валакардзін, валаседан і інш.). Заспакаяльным дзеяннем у малых дозах валодаюць снатворныя сродкі, транквілізатары, сардэчныя гліказіды, нейралептыкі і інш. Зніжэнне эмацыянальнага напружання, часам лёгкі снатворны эфект пры прыёме С.с. абумоўлены ўзмацненнем працэсаў тармажэння або аслабленнем працэсаў узбуджэння ў ц. н. с. С.с. ўзмацняюць уздзеянне снатворных, абязбольваючых і інш. сродкаў, не выклікаюць прывыкання, псіхічнай і фіз. залежнасці, расстройстваў каардынацыі руху. Ужываюцца для лячэння неўрозаў, пры бяссонніцы, павышанай раздражняльнасці, спазмах страўнікава-кішачнага тракта, пач. стадыі артэрыяльнай гіпертаніі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІНАЛІ́ТЫКІ (ад халін + грэч. lytikos здольны раствараць, аслабляць), халіналітычныя сродкі, халінаблакатары,

група лекавых сродкаў расл. і сінт. паходжання, якія блакіруюць халінарэцэптары. Адрозніваюць м-Х. (напр., атрапін, скапаламін, метацын), н-Х.—2 групы (гангліяблакатары і міярэлаксанты) і м-н-Х. (напр., спазмаліцін, цыкладол, паркапан).

Некат. Х. блакіруюць пераважна перыферычныя (напр., метацын, гігроній), інш. — цэнтр. халінарэцэптары (напр., амізіл, цыкладол). М-Х. і м-н-Х. пераважна перыферычнага дзеяння выкарыстоўваюць пры спазмах гладкай мускулатуры органаў брушной поласці, для агляду вочнага дна і інш.); Х. цэнтр. дзеяння — для лячэння паркінсанізму і інш. Уласцівасцямі Х. валодаюць некат. транквілізатары, антыгістамінныя прэпараты і інш.

І.​М.​Семяненя, А.​М.​Шадко.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЫ́,

прадукты расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і хім. паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёлы. Паводле паходжання падзяляюцца на раслінныя кармы, жывёльныя кармы, камбікармы, мінеральныя кармы, адходы тэхн. і харч. вытв-сці, сінтэтычныя прэпараты, біялагічна актыўныя дабаўкі. Пажыўнасць К. ацэньваюць у кармавых адзінках. З кармавых адходаў тэхн. вытв-сці найб. каштоўныя адходы мукамольнай (вотруб’е, мучны пыл), цукр. (жамерыны, мелес), алейнаэкстракцыйнай (макуха, шрот), крухмальнай (мязга), брадзільнай (брага, піўная шраціна) прам-сці. Сінтэтычныя прэпараты атрымліваюць шляхам хім. і мікрабіял. сінтэзу. Да іх належаць заменнікі кармавога пратэіну, кармавыя дрожджы, кармавы канцэнтрат L-лізіну, DL-метыянін. Біялагічна актыўныя дабаўкі — прадукты з высокай біял. актыўнасцю, якія выкарыстоўваюць у малых дозах: солі мікраэлементаў, вітамінныя, ферментныя і гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, транквілізатары.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)