драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШЫСТАБЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́,
фармацыя карэнных лісцевых лясоў на пераходных і нізінных балотах, у дрэвастоі якіх пераважае бяроза пушыстая (гл.Бяроза). На Беларусі займаюць 276,4 тыс.га (4,6% агульнай пл. лясоў, 27,6% бярозавых лясоў). Вылучаюць 6 тыпаў П.л.: асакова-травяны, асаковы, балотна-папарацевы, вярбовы, асакова-сфагнавы, падвейна-сфагнавы. Пашыраны адносна раўнамерна, буйныя масівы на забалочаных нізінах — Верхнебярэзінскай, Дзісенскай, Цэнтральнабярэзінскай, Палескай. Растуць на патэнцыяльна багатых тарфяна-балотных глебах, але ў сувязі з пераўвільготненасцю і слабай аэрацыяй маюць нізкую прадукцыйнасць. Дрэвастоі чыстыя пушыстабярозавыя або з дамешкам хвоі, вольхі чорнай, елкі, дасягаюць тэхн. спеласці ў 60 гадоў. У падлеску пераважаюць вербы (попельная, чарнеючая, размарыналістая), крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя, каліна, жасцёр слабіцельны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́, бярэзнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (B. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн.га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.