Ніжняя Тошчыца

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЯ ТО́ШЧЫЦА,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на Пд ад г. Быхаў, 83 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Тошчыца. 165 ж., 73 двары (1995).

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЕ́ВІЧ Тамаш Міхайлавіч

(1815 — 28.7.1863),

кіраўнік атрада ў час паўстання 1863—64. Уладальнік маёнтка Верхняя Тошчыца ў Рагачоўскім пав. У 1834—44 на ваен. службе. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся на радзіме. У крас. 1863 арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім пав. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзеянняў, быў рассеяны паблізу в. Верхняя Тошчыца войскамі, якім дапамагалі сяляне. Паводле прыгавору суда, зацверджанага М.М.Мураўёвым, публічна расстраляны ў Рагачове. Прататып Усяслава Грынкевіча ў рамане У.Караткевіча «Нельга забыць».

Г.В.Кісялёў.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,

наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыцаг.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс. чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.

У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІ РАЁН,

на Пд Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,3 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1996), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал/км². Цэнтр — г. Быхаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Абідавіцкі, Баркалабаўскі, Верхнятошчыцкі, Гарадзецкі, Глухскі, Грудзінаўскі, Дунайкаўскі, Лудчыцкі, Навабыхаўскі, Следзюкоўскі, Трылесінскі, Холстаўскі, Чарнаборскі, Чырвонаслабодскі, Ямненскі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка тэр. раёна забруджана радыеактыўнымі элементамі. Жыхары в. Александроў адселены.

Размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 150—160 м, найвыш. пункт 183,5 м (каля в. Трылесіна). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, керамічныя гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. р. Дняпро з прытокамі Чарнаўка, Баброўка, Трасна, Ухлясць з Варонінкай, Тошчыца, Адаменка, Рдзіца, Лахва; на Зр. Друць (на ёй Чыгірынскае вадасх.) з прытокамі Грэза і Балонаўка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 39% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў складае 103,1 тыс. га, з іх асушана 23,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 23 калгасы, племзавод «Вараніно», адкрытае акцыянернае т-ва «Быхаўмалако». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (спірт-сырэц, масла, сухое абястлушчанае малако, крухмал, агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), паліўнай (брыкет), металаапр. (бочкі), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Магілёў—Жлобін, аўтадарогі Магілёў—Гомель, Магілёў—Бабруйск. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія і 15 базавых школ, 35 дашкольных дзіцячых устаноў, 46 клубаў, 45 б-к, 7 бальніц, З амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі прыроды — хвоі-гіганты каля в. Барсукі. Арх. помнікі: царква 19 ст. ў в. Балонаў-Сялец; царква Казанскай Маці Божай (1904) у в. Баркалабава; палацава-паркавы ансамбль пач. 19 ст. ў в. Грудзінаўка; царква пач. 20 ст. ў в. Лубянка; Успенская царква (1865) у в. Мокрае. Мемарыял воінскай славы ў в. Лудчыцы. Выдаецца газ. «Маяк Прыдняпроўя».

М.М.Брылеўскі.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)