ПАРАПЕРАГРАВА́ЛЬНІК,

элемент паравога катла, у якім насычаная вадзяная пара, што рухаецца ўнутры змеевікоў і награецца гарачымі дымавымі газамі, пераўтвараецца ў перагрэтую пару Канвектыўныя П. размяшчаюць у газаходах катла, радыяцыйныя — на столі і сценах топкі, радыяцыйна-канвектыўныя (шырмавыя) — на выхадзе з топкі.

Звычайна П. робяць камбінаванымі. Выкарыстанне П. значна павышае ккдз парасілавых установак.

Параперагравальнік: 1 — выхадны калектар для адводу перагрэтай пары; 2 — уваходны калектар для падводу насычанай пары; 3 — змеевікі.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЁЛ,

устройства для атрымання пад ціскам пары (паравы кацёл) або гарачай вады ў выніку спальвання цвёрдага, вадкага, газападобнага паліва, выкарыстання эл. энергіі, цеплыні адыходных газаў ці тэхнал. працэсу. К., які не мае ўласнай топкі і абаграваецца адыходнымі газамі якой-н. прамысл. або энергет. устаноўкі, наз. К.-утылізатарам. Звычайна ў К. уваходзяць топка, параўтваральныя паверхні, параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветрападагравальнік, каркас, абмуроўка, цеплавая ізаляцыя, абшыўка. Разам з разнастайным дапаможным абсталяваннем складае кацельную ўстаноўку.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.

Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.

Схема парагазатурбіннай устаноўкі: 1 — кампрэсар; 2 — газавая турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — паравая турбіна; 5 — кандэнсатар; 6 — сілкавальная помпа; 7 — падагравальнік сілкавальнай вады; 8 — высоканапорны парагенератар.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАНО́САЎ (Віктар Іванавіч) (н. 30.4.1936, г. Топкі Кемераўскай вобл., Расія),

расійскі пісьменнік. Скончыў Краснадарскі пед. ін-т (1962). З 1998 гал. рэдактар час. «Родная Кубань». Друкуецца з 1963. Першая кніга апавяданняў — «Вечары» (1966). У аповесцях «Чалдонкі» (1967), «На вуліцы Шырокай» (1968), «Восень у Тамані» (1971), «Элегія» (1973), рамане «Калі ж мы сустрэнемся?» (1978) і інш. роздум пра лёс радзімы, узаемасувязь часоў і чалавечых лёсаў, пра таямнічасць жаночай душы. Кн. «Ненапісаныя ўспаміны. Наш маленькі Парыж» (1987, Дзярж. прэмія Расіі 1988) — сямейная хроніка з жыцця кубанскіх казакоў у трагічных абставінах 20 ст. Прозе Л. ўласцівы лірычна-філас. пачатак, спалучэнне розных жанраў (апавяданне-песня, аповесць-паэма). Асобныя яго апавяданні на бел. мову пер. Т.​Мартыненка, В.​Рабкевіч. Міжнар. прэмія імя М.​Шолахава 1994.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1984;

Избранное. М., 1993;

Записи перед сном: Повести, рассказы, эссе. М., 1993;

Тоска-кручина. Краснодар, 1996.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,

печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.

В.​М.​Ляўко.

Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.
Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)