ЛО́КШЫНА,

1) самаробная макарона. Пшанічнае, радзей жытняе цеста, часта з крухмалам, тонка раскочваюць, рэжуць на палосы, падсушваюць і вараць як рэдкую малочную страву ці адцэджваюць і заліваюць тлушчам, салам. Робяць Л. таксама з крухмалу: пякуць наліснікі, потым рэжуць іх і вараць.

2) Страва з Л.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕНКА (Ганна Васілеўна) (н. 23.2.1927, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). У 1952—82 салістка (нізкі альт) Дзярж. нар. хору БССР. Тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх нар. песень. Выступала ў складзе вак. актэта, у дуэце з М.Адамейка.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЁР (франц. valeur літар. каштоўнасць),

у жывапісе і графіцы абазначэнне сілы колеравага тону, багацця ў ім градацый святла і ценю. Ад дакладнай перадачы гэтых адценняў, суадносін і пераходаў тонаў залежыць праўдзівасць і паўната адлюстравання рэчаіснасці. Выкарыстанне сістэмы валёра дае магчымасць больш тонка і багата паказваць прадметы ў святлопаветраным асяроддзі (творы жывапісцаў-каларыстаў Д.Веласкеса, Я.Вермера, І.Левітана, В.Сурыкава, В.​Бялыніцкага-Бірулі, І.​Хруцкага і інш.).

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),

мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.

Англезіт.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБУ́ЗАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (26.5.1908, Масква — 20.4.1986),

рускі драматург. Скончыў тэатр. школу ў Ленінградзе. Працаваў у тэатрах Ленінграда і Масквы. Аўтар п’ес «Далёкая дарога» (1935), «Таня» (1938), «Горад на світанні» (1941), «Іркуцкая гісторыя» (1959), «Казкі старога Арбата» (1970), «Старамодная камедыя» (1975), «Пераможніца» (1983) і інш. У творах тонка спалучае псіхалагізм з лірызмам, жыццёвую дакладнасць з рамантычнай узнёсласцю, вастрыню сюжэтных калізій з вольнай кампазіцыяй п’есы. Дзярж. прэмія СССР 1980.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖА,

радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн. м³, перспектыўныя 9,96 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАВА́ЦКАЯ (Лідзія Рыгораўна) (н. 1.5.1936, в. Падыгрушша Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. майстар пляцення маст. вырабаў з саломкі. Вучаніца Т.Агафоненка. У творчасці пераважаюць работы анімалістычнага жанру (фігуркі коней, аленяў, пеўняў, паваў і інш.). Дамагаецца надзвычайнага дэкар. эфекту, чаргуючы тонка апрацаваныя рэльефныя саломінкі з гладкімі, збіраючы іх у пучкі ці асобныя дэталі. Стварае таксама творы манум.-дэкар. характару (удзельнічала ў афармленні інтэр’ераў музея Максіма Багдановіча ў Мінску, 1991, і інш.).

Я.​М.​Сахута.

Л.Главацкая. Пеўнік. 1990.

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЗІ, Гуардзі (Guardi) Франчэска (хрышчаны 5.10.1712, г. Венецыя, Італія — 1.1.1793), італьянскі жывапісец, пейзажыст. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Знаходзячы натхненне ў простых матывах паўсядзённага жыцця горада, яго залітых сонейкам дворыках, каналах, шматлюдных набярэжных, Гвардзі стварыў новы тып пейзажу, адзначанага паэтычнасцю зрокавых уражанняў («Венецыянскі дворык», «Рыо дэі Мендыканці. Венецыя», «Архітэктурная фантазія» і інш.). Яго жывапісная манера вызначаецца віртуознасцю, мігатлівасцю колеравых плям, якія тонка імітуюць рух паветра і святла.

Літ.:

Никитюк О. Франческо Гварди. М., 1968;

Binion A.A. and F. Guardi... New York, 1976.

Ф.Гвардзі. Архітэктурная фантазія. Каля 1770—80.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры ракако. Пабудавана ў 1768 у в. Вольна (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкі касцёл базыльян, з 1895 правасл. царква. Мураваная 3-нефавая, 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Гал. фасад вырашаны хвалістай плоскасцю сцяны, завершанай тонка прафіляваным карнізам, па вуглах і цэнтры ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі, крапавана тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. У арх. дэкоры — плоскія нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі.

А.​М.​Кулагін.

Вольнаўская Троіцкая царква.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКА ў будаўніцтве і тэхніцы,

прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.

Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)