ТКАЧЭ́НКА Нінель Аляксандраўна (н. 21.11.1928, г. Харкаў, Украіна),
украінская і бел. спявачка (драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1964). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1958). З 1958 салістка опернай студыі Кіеўскай кансерваторыі і Львоўскага т-ра оперы і балета, з 1962 Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1968 — Адэскага т-ра оперы і балета, з 1981 Маскоўскай філармоніі. Валодае моцным рухомым голасам шырокага дыяпазону; яе выканальніцкая манера спалучае вял.ўнутр. эмацыянальнасць з вонкавай стрыманасцю. Сярод выкананых партый класічнага і сучаснага рэпертуару на бел. сцэне: Касандра («Арэстэя» С.Танеева), Дэздэмона, Аіда, Леанора («Атэла», «Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Марына («Кастрычнік» В.Мурадэлі), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні). Вяла канцэртную дзейнасць. Лаўрэат 2-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1962).
Літ.:
Черкашина М. Голоса молодых // Сов. музыка. 1964. № 11;
Ракава А.Я. Нінэль Ткачэнка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧЭ́НКА Міхаіл Мікалаевіч (май 1922, г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. — 9.3.1948),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Новасібірскую ваен.
авіяшколу лётчыкаў (1942). У Чырв. Арміі з 1940. На фронце з 1942, удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Украіне, у Крыме, Румыніі, Венгрыі. Камандзір звяна штурмавікоў лейт. Т. да пач. 1944 зрабіў 103 баявыя вылеты, за час вайны — 150, удзельнічаў у 7 паветр. баях, збіў самалёт праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧЭ́НКА Анатоль Панцялеевіч (н. 5.10.1938, г. Кіраўск Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэлекамунікацый і тэлевізійных сістэм.Канд.тэхн.н. (1969), дацэнт (1974). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т сувязі (1962). З 1970 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1992—97 праф.). Навук. працы па пытаннях кабельнага тэлебачання і лічбавага радыё- і тэлевяшчання, валаконна-аптычных лініях сувязі для рэпартажных комплексаў каляровага і кабельнага тэлебачання; па стварэнні дыягнастычных прылад для каляровых тэлевізійных прыёмнікаў. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар энцыкл. даведніка «Бытавая радыёэлектронная тэхніка» (1995).
Тв.:
Цветное телевидение. Мн., 1981;
Телевидение и передача изображений. Мн., 1988 (разам з У.І.Кірылавым);
Англо-русский словарь по телевидению, аудио- и видеотехнике. 2 изд. Мн., 1999 (разам з У.М.Цацуліным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧЭ́НКА Уладзімір Мікалаевіч (н. 11.3.1953, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна),
бел. скрыпач, гітарыст, кампазітар-аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1977). З 1977 у ансамблі «Песняры», з 1985 у джазавым квінтэце пад кіраўніцтвам І.Сафонава, з 1987 артыст і аранжыроўшчык Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Сярод твораў: для эстр.-сімф.арк. «Сюіта на тры беларускія тэмы» (1989), «Сімфонія» Бітлз (1997), «Сімфонія» Песняроў (2001); п’есы для камернага арк., джаз-ансамбля, сола для электрагітары (якія выконваюцца нетрадыц. спосабам гуказдабывання). Аўтар аранжыровак для фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» (1992—2002), Маладзечанскага фестывалю беларускай песні і паэзіі (1993, 1995, 1998, 2001), тэлеконкурсу «Ступень да Парнаса» (1994), забаўляльных тэлеперадач у Італіі (1988—92) і інш.