аргенцінскі пісьменнік і літ.-знавец. Праф. ун-та ў Буэнас-Айрэсе (1955), гл.арг. Акадэміі л-ры (1962), старшыня арг. Пэн-клуба (1950—53). Творчасць Б. прадвызначыла тэндэнцыі развіцця лац.-амер. нерэалістычнай л-ры. Вядомасць прынеслі апавяданні, навелы, эсэ, адметныя глыбокім філас. падтэкстам, інтэлектуальнай метафарычнасцю, стылістычнай адточанасцю (зб-кі «Сусветная гісторыя знявагі», 1935; «Гісторыя вечнасці», 1936; «Выдумкі», 1944; «Алеф», 1949; «Новыя расследаванні», 1952; «Паведамленне Броўдзі», 1970; «Кніга пясчынак», 1975). У зб-ках вершаў «Тварэц» (1960), «Другі і ранейшы» (1964), «Хвала цемры» (1969), «Золата тыграў» (1972), «Тайнапіс» (1981) працягваў свае эксперыменты з прасторай, часам і культурай. Аўтар літ.-знаўчых і крытычных прац («Паэзія гаўча», 1955, і інш.). Прэмія М.Сервантэса (1979).
Тв.:
Рус.пер. — Проза разных лет. 2 изд. М., 1989;
Избр. стихотворения. М., 1993.
Літ.:
Тертерян И. Человек, мир, культура в творчестве Хорхе Луиса Борхеса // Борхес Х.Л. Проза разных лет. Пер. с исп. 2 изд. М., 1989;
Левин Ю.И. Повествовательная структура как генератор смысла: текст в тексте у Х.Л.Борхеса // Текст в тексте: Тр. по знаковым системам XIV. Тарту, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н VII,
(Kōnstantinos) Багранародны, Парфірародны (Porphyrogennētos; вер. 905, г. Канстанцінопаль — ліст. 959), імператар Візантыі [913—959]. З Македонскай дынастыі. Самастойна правіў з 945 (раней уладу ўзурпіраваў Раман I Лакапін). Узмацніў цэнтралізацыю дзяржавы, вёў наступальныя войны. У творы «Аб цырымоніях візантыйскага двара» змясціў звесткі пра прыезд у Канстанцінопаль кіеўскай княгіні Вольгі, калі яна прыняла хрысціянства. У кн. «Аб кіраванні імперыяй» даў апісанне Русі сярэдзіны 10 ст., упершыню згадаў крывічоў (крывітэінаў) і дрыгавічоў (другувітаў).
Тв.:
06 управлении империей: Текст, перевод, коммент. 2 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,
помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн.Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.
Літ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;
Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;
М., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.