БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя граматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.:

Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963;

Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975;

Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Берасцяная грамата 13—14 ст. з Віцебска.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЗЕРАЎ (сапр. Гольдберг) Леў Адольфавіч

(23.8.1914, Кіеў — 18.3.1996),

рускі паэт, перакладчык, крытык. Канд. філал. н. (1943), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1939). З 1943 у Літ. ін-це імя М.​Горкага. Друкаваўся з 1932. У паэт. зб-ках «Прыдняпроўе» (1940), «Лівень» (1947), «Прызнанне ў каханні» (1957), «Святлацень» (1961), «Вечаровая пошта» (1974), «Далёкая чутнасць» (1975), «Неабходнасць прыгожага» (1983), «Зямная вось» (1986), «Гравюра на самшыце» (1990), «Бездань жыцця» (1995) — тэмы мастацтва, прыроды, кахання, зменлівасці свету, спроба асэнсавання часу, пошук ісціны. Выдаў кнігі «Работа паэта» (1963), «Майстэрства і чарадзейства» (1972), «Біяграфія верша» (1981), «Пра Барыса Пастарнака» (1990), «Дзверы ў майстэрню» (1996, успаміны пра Г.​Ахматаву, Б.​Пастарнака, М.​Забалоцкага) і інш. Аўтар раздзелаў пра творчасць Я.​Купалы ў падручніках для сярэдняй школы Л.​І.​Цімафеева «Сучасная літаратура» (1946) і «Руская савецкая літаратура» (1949), артыкулаў пра творчасць А.​Куляшова, пра пераклад А.​Зарыцкім паэмы К.​Данелайціса «Чатыры пары года», успамінаў пра П.​Глебку ў кн. «Пясняр мужнасці», (1976). На рус. мову пераклаў асобныя вершы В.​Віткі, М.​Лужаніна, А.​Русака.

Тв.:

Избр. стихотворения. М., 1974;

Думаю о тебе. М., 1981;

Начала и концы. М., 1989;

Страна русской поэзии. М., 1996;

Портреты без рам. М., 1999.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)