АРАМА́ЗД,

у армянскай міфалогіі вярхоўнае бажаство, тварэц неба і зямлі, бог урадлівасці. Яго эпітэт — «ары» (мужны). Гал. свяцілішча Арамазд было ў культавым цэнтры стараж. Арменіі Ані (сучасны Камах на тэр. Турцыі).

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),

у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.​Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РХЕС ((Borges) Хорхе Луіс) (24.8.1899, Буэнас-Айрэс — 14.6.1986),

аргенцінскі пісьменнік і літ.-знавец. Праф. ун-та ў Буэнас-Айрэсе (1955), гл. арг. Акадэміі л-ры (1962), старшыня арг. Пэн-клуба (1950—53). Творчасць Б. прадвызначыла тэндэнцыі развіцця лац.-амер. нерэалістычнай л-ры. Вядомасць прынеслі апавяданні, навелы, эсэ, адметныя глыбокім філас. падтэкстам, інтэлектуальнай метафарычнасцю, стылістычнай адточанасцю (зб-кі «Сусветная гісторыя знявагі», 1935; «Гісторыя вечнасці», 1936; «Выдумкі», 1944; «Алеф», 1949; «Новыя расследаванні», 1952; «Паведамленне Броўдзі», 1970; «Кніга пясчынак», 1975). У зб-ках вершаў «Тварэц» (1960), «Другі і ранейшы» (1964), «Хвала цемры» (1969), «Золата тыграў» (1972), «Тайнапіс» (1981) працягваў свае эксперыменты з прасторай, часам і культурай. Аўтар літ.-знаўчых і крытычных прац («Паэзія гаўча», 1955, і інш.). Прэмія М.​Сервантэса (1979).

Тв.:

Рус. пер. — Проза разных лет. 2 изд. М., 1989;

Избр. стихотворения. М., 1993.

Літ.:

Тертерян И. Человек, мир, культура в творчестве Хорхе Луиса Борхеса // Борхес Х.Л. Проза разных лет. Пер. с исп. 2 изд. М., 1989;

Левин Ю.И. Повествовательная структура как генератор смысла: текст в тексте у Х.​Л.​Борхеса // Текст в тексте: Тр. по знаковым системам XIV. Тарту, 1981.

П.​П.​Акулаў.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)