АЛЬКЛЕ́Д

[ад ал(юміній) + англ. clad пакрыты],

паўфабрыкат (ліст, труба) з высокатрывалага алюмініевага сплаву, пакрыты (плакіраваны) алюмініем высокай чысціні або інш. сплавам. Таўшчыня плакіравальнага слоя не менш як 35 мкм, што забяспечвае электрахім. ахову ад карозіі, зніжае стат. стамляльную трываласць матэрыялу.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВОЧАЯ ВЕ́ЖА, Кыз-каласы,

Гыз-галасы, помнік сярэдневяковай азерб. архітэктуры. Пабудавана ў 12 ст. ў Баку (арх. Масуд ібн Давуд). Зроблена з вапняку. Вялізны цыліндрычны аб’ём (унутры 8-ярусны, выш. 27 м, таўшчыня сцен фундамента 5 м) з выступам з усходу. Заглыбленыя гарыз. рады камянёў утвараюць своеасаблівую рабрыстую паверхню фасада.

Дзявочая вежа.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧО́С,

верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАСФЕ́РА

(ад бія... + геасфера),

абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.К.Яфрэмаў (1959).

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К

(Larsen Shelf Ice),

адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антаркгыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км2. Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.Ларсена, названы ў яго гонар.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К

(West Ice Shell),

адзін з буйнейшых шэльфавых ледавікоў Усх. Антарктыды. На Пн і У абмываецца м. Дэйвіса, на Зм. Садружнасці. Адкрыты ням. экспедыцыяй Э.Дрыгальскага у 1901—03, дэталёва абследаваны сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1957—60. Пл. каля 36 тыс. км1. Працягласць з З на У 580 км, з Пд на Пн 65—95 км, таўшчыня лёду 100—580 м. У 1960-я г. адбылося значнае скарачэнне плошчы ледавіка ў выніку разбурэння яго паўн. часткі.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУШЫ́НА

(peritoneum),

серозная абалонка, што высцілае сценкі брушной і тазавай поласцей і ўкрывае паверхню размешчаных у ёй органаў у чалавека і пазваночных жывёл; тонкая празрыстая пласцінка. Агульная плошча брушыны чалавека 1,6—2,04 м², таўшчыня — 0,7—1,1 мм. Складаецца з валакністай злучальнай тканкі, высланай плоскімі клеткамі мезатэлію. Паверхня брушыны гладкая, увільгатняецца серознай вадкасцю, што палягчае слізгаценне кішэчніка ў час перыстальтыкі і рух інш. органаў брушной поласці. Брушына мае ахоўную функцыю — паглынае і знішчае бактэрыі. Утварае брыжэйку і сальнік Запаленне брушыны — перытаніт.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ,

мера непразрыстасці слоя рэчыва для светлавых прамянёў. Характарызуе аслабленне аптычнага выпрамянення ў слаях рэчываў (фарбавальнікаў, святлафільтраў, раствораў і інш.). Для неадбівальнага слоя D = lg I0/I = kλL, дзе I0, I — інтэнсіўнасць святла, што ўпала на слой і выйшла з яго адпаведна, kλ — каэфіцыент паглынання асяроддзя для выпрамянення з даўж. хвалі λ, L — таўшчыня слоя рэчыва. Аптычная шчыльнасць звязана з каэфіцыентам прапускання τ: D = lg 1/τ. Вымяраецца з дапамогай дэнсітометраў, мікрафатометраў, спектрасенсітометраў і інш. Выкарыстоўваецца ў фатаграфіі, астрафотаметрыі, пры аптычным гуказапісе, пры спектральнай аэрафотаздымцы і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКА ў будаўніцтве і тэхніцы,

прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.

Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 22 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 1,17 км², даўж. 1,46 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 6,6 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 0,7 км².

Катлавіна складанага тыпу, круглаватая, схілы на Пн стромкія, на Пд і У спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, параслі хмызняком, паўн. нізкія, на Пд высокія. Дно сподкападобнае, да глыб. 2 м пясчанае, да 3 м глеістае, глыбей выслана сапрапелем (таўшчыня да 10 м), харавымі водарасцямі, рдзестамі. Празрыстае да дна. Сцёк па ручаі ў Свольну. Каля берагоў возера зарастае. Месца адпачынку.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)