Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў асабліва малога класа, якія выпускае Запарожскі аўтамабільны з-д (Украіна) з 1960. Характэрная асаблівасць — рухавікі з паветр. ахаладжэннем. Мадэлі, якія выпускаліся да 1994, наз. «Запарожац», мелі задняе размяшчэнне рухавіка. Іх замянілі пярэднепрывадныя мадэлі «Таўрыя» з бензінавым рухавіком магутнасцю 53 кВт; найб. скорасць да 148 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,
свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв. проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́Р (Алесь) (Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял. Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.Кабржыцкая, У.Краўчанка, А.Кулакоўскі, І.Мележ, С.Міхальчук, Л.Салавей, В.Рагойша, А.Шарахоўская, У.Шахавец.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;
Бел.пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;
Тронка. Мн., 1974;
Твая зара. Мн., 1985.
Літ.:
Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс.км². Нас. 2192,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г.Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт.Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.
Гісторыя. К. — адзін з найб.стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г.Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст.н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст.н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст.Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст.гал. база — г.Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст.паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав.сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц.жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім.прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сцьбуд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн.га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл.Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс. т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс.км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.
Літ.:
Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;
Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;
Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;
Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;
Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;
Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;
Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.