Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛЬШЧА́НЫ, Нальшаны,
балцкая племянная групоўка, гіст. вобласць, якая, на думку некат. даследчыкаў (У.Ц.Пашута і інш.), знаходзілася на паўн.-зах. ускраіне Беларусі. Як народ упамінаюцца ў Дублінскім рукапісе. Адна з ням. хронік сталіцай Н. называе Крэва. У 1258 на іх напалі мангола-татарскія войскі Бурундая і валынскага кн. Васількі Раманавіча. У міжусобнай барацьбе паміж Літвой і Жамойцю (1260-я г.) Н. сталі на бок апошняй і іх князь Даўмонт у 1263 забіў кн. Міндоўга. У 1264 кн. Войшалк заваяваў Н. і ўключыў іх у склад ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГІ́Р (ад тур. ваўняная тканіна),
у ісламе твор дэкар. мастацтва, тканіна з рэліг. надпісам або выявай рэліг. сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэліг. ведаў, у нар. свядомасці мае таксама функцыі абярога. Першапачаткова вырабляўся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапіў да крымскіх татар. У бел. татар вядомы з 16 ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома. Спачатку М. выраблялі з казінай воўны, потым таксама з інш. тканін і матэрыялаў. На Беларусі былі вядомы М. як апраўленыя ў рамы пергаменты з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамеда. У 19—20 ст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, атрыбутамі ісламскай сімволікі. У М. бел. татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і бел.культ. традыцыі.
Г.Л.Дубар.
Мугір з Клецка. 1912. Беларускі музей гісторыі рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІЯ,
княжацкія татарскія роды ў ВКЛ. Прозвішча ад назвы маёнтка Карыца ў Навагрудскім ваяв. На пач. 16 ст. маёнтак належаў сям’і князёў Уланаў-Асанчуковічаў. У 17 ст. адна галіна Уланаў насіла прозвішча К. З гэтай сям’і паходзіў кн. Ахмет Шчэнснавіч Улан-К., уладальнік часткі Карыцы, ротмістр казацкай харугвы войск ВКЛ. Магчыма, галіной гэтага роду з’яўляецца сям’я князёў К., якая на пач. 17 ст. перасялілася ва ўладанні Радзівілаў і на працягу некалькіх пакаленняў узначальвала татар, якія жылі на землях Клецкай ардынацыі. Яе родапачынальнік кн. Януш К. быў ротмістрам татарскай харугвы Клецкай ардынацыі, гэтую ж пасаду займалі яго нашчадкі. Да 20 ст. прадстаўнікі роду былі дробнымі землеўладальнікамі ў Ардзе, Асмолаве, Іванаве. Яшчэ адзін род меў тытул мурза (у 19 ст. ператварыўся ў радавую мянушку) і паходзіў ад палкоўніка татарскай харугвы Самуэля К. Паводле каралеўскіх прывілеяў за К. і яго нашчадкамі захоўвалася спадчыннае камандаванне харугвай татар, якія атрымалі зямлю ў тых жа сёлах і былі абавязаны служыць асабіста каралю. Існаваў аднайменны каталіцкі шляхецкі род у Падляшскім ваяв., які паходзіў з Кароны Польскай і быў вядомы з 16 ст., а таксама К., што паходзілі з Мазавецкага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в.Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.
Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.
Літ.:
Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.