ВА́ЛЬМА (ням. Walm),

тарцовы схіл 4-схільнага даху. Утвараецца дыяганальнымі сохамі або кроквамі, якія злучаюць тарэц вільчаковай кладкі (вільчаковага бруса) з вугламі сцен будынка. Вальмы, якія не даходзяць да нізу або верху даху (усечаныя нізкія шчыты над прычолкам або дымнікі ў верхняй частцы вальмы), наз. паўвальмамі. На Беларусі пакрыцці з вальм выкарыстоўваліся ў нар. жыллі, гасп. будынках, некаторых манум. збудаваннях (палацы ў г.п. Дзятлава, в. Грозаў Капыльскага р-на, цэрквы ў вёсках Лелікава Кобрынскага, Здзітава Жабінкаўскага р-на).

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АРХІЕПІ́СКАПСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780-я г. Быў рэзідэнцыяй каталіцкага архіепіскапа С.Богуш-Сестранцэвіча (да 1827). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. бакавымі крыламі, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад вылучаны 3 плоскімі рызалітамі: цэнтральны завершаны прамавугольным атыкам, бакавыя — трохвугольнымі франтонамі. Паверхі вылучаны развітымі гарыз. цягамі, ніжні аздоблены рустам, верхні — пілястрамі. Аконныя праёмы прамавугольныя, з разнастайным абрамленнем. Дваровым фасадам будынак выходзіў у сад, дзе знаходзіліся карпусы духоўнай кансісторыі (не захаваліся).

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскі архіепіскапскі палац. Тарцовы фасад.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскай гарадской управы будынак.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.К.Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал.19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял. Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.

У.М.Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах.гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

мужчынскі правасл. манастыр у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст. наз. Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ. правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял. б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т.л. Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх. ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял. гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

А.М.Кулагін (архітэктура), А.А.Ярашэвіч (гісторыя).

Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква.
Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Успенскі сабор.

т. 6, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)