Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).