Тапінамбур 2/634; 6/32; 10/230 (іл.); 11/124

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПІНАМБУ́Р, земляная груша, сланечнік клубняносны (Helianthus tuberosus),

кветкавая расліна сям. складанакветных. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе з 17 ст. На Беларусі вырошчваецца як кармавая расліна, часам дзічэе.

Шматгадовая травяністая расліна. Сцёблы прамыя, моцныя, аблісцелыя, апушаныя, выш. да 3 м. Лісце зубчастае, яйцападобнае, чаранковае, апушанае. Жоўтыя суквецці — кошыкі дыяметрам 6—10 см. Плод — сямянка Клубні (белыя, жоўтыя. фіялетавыя. чырв.) груша- або яйцападобныя. на кароткіх сталонах, скучаныя каля асновы сцябла. Маюць у сабе інулін, аскарбінавую к-ту. вітаміны групы B. карацін. мінер. рэчывы. Спажываюцца ў ежу. выкарыстоўваюцца для атрымання спірту, фруктозы. Харч., тэхн., кармавая. лек. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Тапінамбур.

т. 15, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯНА́Я ГРУ́ША,

кветкавая расліна, тое, што тапінамбур.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Земляная груша, гл. Тапінамбур

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАФІ́ТЫ [ад крыпта... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя травяністыя расліны, у якіх наземныя органы адміраюць у неспрыяльны для вегетацыі сезон, а пупышкі ўзнаўлення закладваюцца на карэнішчах, якія знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); адна з жыццёвых форм раслін. Напр., у флоры Беларусі ў многіх злакаў, асок, хрэну, клубнях (бульба, тапінамбур), цыбулінах (цюльпан).

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́БЕНЬ,

відазменены парастак, сцябло якога з адным або некалькімі міжвузеллямі, моцна разрастаецца і назапашвае пажыўныя рэчывы (крухмал, алей); орган узнаўлення двух- і шматгадовых раслін. Бывае надземны, звычайна зялёны, мае лісце (кальрабі, некат. архідэі), і падземны — бясколерны, у пазухах рэдукаванага лісця знаходзяцца пупышкі, т.зв. «вочкі» (бульба, стрэлкаліст, тапінамбур). У некат. жывародных раслін (напр., зубніца клубняносная) надземныя К. развіваюцца ў суквеццях і пазухах лісця, пасля ападання ўкараняюцца і ўтвараюць новыя расліны. Ад К. адрозніваюць каранёвыя шышкі (запасальныя прыдаткавыя карані ў батату, вяргіні) і караняплоды (у іх утварэнні разам з парасткам прымае ўдзел гал. корань, напр., бурак, рэдзька).

т. 8, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.

Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр. ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,

вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́ТЫЯ КАРМЫ́, сакаўныя кармы,

раслінныя кармы з вял. колькасцю вады (больш за 70%), якая знаходзіцца ў звязаным стане. Да іх належаць зялёныя кармы, сілас, кармавыя караняплоды (буракі, турнэпс, бручка), клубні (бульба, тапінамбур), бахчавыя культуры (гарбузы, кавуны, кабачкі). Скормліваюцца ў сырым выглядзе. Станоўча ўплываюць на абмен рэчываў, страваванне, малочную прадукцыйнасць («малакагонныя» кармы; у іх лізіну і трыптафану больш, чым у зерневых кармах), спрыяюць лепшаму засваенню грубых кармоў. Маюць адносна нізкую агульную пажыўнасць: ад 0,1 да 0,3 кармавых адзінак у 1 кг корму. У сухім рэчыве пераважаюць лёгкарастваральныя вугляводы (крухмал і цукар). С.к. (за выключэннем бабовых раслін і сіласу з іх) бедныя пратэінамі (1—1,5%), клятчаткай (1—1,5%) і амаль не маюць тлушчаў. У попеле пераважаюць солі калію і натрыю; кальцыю і фосфару 0,03—0,04%. С.к. багатыя вітамінамі C, групы B, некат. (напр., гарбузы, морква, зялёны корм, сілас) — карацінам. Найб. рацыянальнае выкарыстанне С.к. у летні перыяд пры арганізацыі зялёнага канвеера.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)