Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРА́ФІЯ (ад грэч. topos месца + ...графія),
навукова-тэхн. галіна геадэзіі, якая займаецца геам. вывучэннем мясцовасці. Асн. задачы Т.: распрацоўка метадаў стварэння тапаграфічных карт на падставе тапаграфічных здымак, іх класіфікацыі, зместу і дакладнасці, метадаў іх абнаўлення і інш.
Станаўленне Т. адносіцца да 16 ст. Наземныя тапаграфічныя здымкі (мензульная, тахеаметрычная) праводзяцца з 18 ст. пасля распрацоўкі метаду трыянгуляцыі. З 1-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца матэрыялы аэрафотаздымкі. у 2-й пал. 20 ст. з’явілася касмічная здымка (гл. таксама Аэракасмічныя метады). Мензульная, тэадалітная і інш. здымкі выкарыстоўваюцца пераважна на невял. участках. Для сучаснага этапу развіцця Т. характэрна ўкараненне сродкаў аўтаматызацыі для тапагр. здымак з атрыманнем інфармацыі ў лічбавай форме, што дазваляе ствараць і абнаўляць карты, аўтаматызаваць працэсы падрыхтоўкі арыгіналаў і інш.
На Беларусі першыя вымярэнні зямельных плошчаў і складанне планаў адбыліся ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. пры правядзенні «Валочнай памеры». Навукова абгрунтаваныя тапографа-геад. работы пачаліся ў 1753 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. У 1816—21 на тэр. Віленскай. Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай губ. створана апорная геад. сетка метадам трыянгуляцыі, на аснове якой рабіліся тапагр. здымкі ў маштабах 1: 21 000, 1 : 42 000 і 1 : 84 000. У 2-й пал. 20 ст. тэр. краіны закартаграфавана ў маштабе 1 : 10 000 (асобныя часткі — у буйнейшых). Тапографа-геад. работы выконваюць вытв. прадпрыемствы «Белгеадэзія» і «Космааэрагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Парамонов А.Г., Сомов В.Д., Черноглазов Н.В. Основы топографии и аэрофотосъемки. М., 1991;
Топография с основами геодезии. М., 1986.
П.П.Явід.
т. 15, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ваенная тапаграфія, гл. Тапаграфія ваенная
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Тапаграфія ваенная 10/229
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРА́ФІЯ ВАЕ́ННАЯ,
галіна тапаграфіі, якая выкарыстоўваецца ў ваен. справе для атрымання інфармацыі аб мясцовасці ў інтарэсах баявой дзейнасці войск. Уключае: распрацоўку тэорыі і практыкі тапографа-геадэзічнага забеспячэння баявых дзеянняў, у т. л. арганізацыі і методыкі тапагр. падрыхтоўкі войск: вывучэнне тапагр. карт, аэраздымкаў і інш. дакументаў пра мясцовасць і іх выкарыстанне для кіравання войскамі; распрацоўку спосабаў і сродкаў разведкі мясцовасці, арыентавання і вымярэнняў пры падрыхтоўцы да баявых дзеянняў; складанне баявых графічных дакументаў і інш. Т.в. грунтуецца на дасягненнях геадэзіі, картаграфіі і асновах ваен. навукі.
П.П.Явід.
т. 15, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1968 у Барысаве. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання, эксплуатацыя прыбораў і апаратаў, цеплаэнергетыка, геадэзія, тапаграфія, эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 2, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАН мясцовасці,
адлюстраванне мясцовасці на паперы, звычайна ў маштабе ад 1 : 500 да 1 : 10 000, без уліку крывізны зямной паверхні. Мае шмат агульнага з буйнамаштабнай тапаграфічнай картай (гл. Тапаграфія). Ствараецца з дапамогай геадэзічных прылад і інструментаў, нярэдка выкарыстоўваецца аэрафотаздымка. Прыблізны П. робіцца на аснове вокамернай здымкі.
т. 12, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
сукупнасць работ па вызначэнні становішча характэрных пунктаў мясцовасці для атрымання графічнай ці аналітычнай яе мадэлі — тапаграфічнай карты. Падзяляецца на аэрафотатапагр., фотатэадалітную, мензульную і тахеаметрычную. Палявыя работы пры Т.з. ўключаюць: выпрацоўку планава-вышыннага абгрунтавання на аснове геад. сетак (пракладка тэадалітных і нівелірных хадоў, мікратрыянгуляцыя, геадэзічныя засечкі), здымку характэрных пунктаў сітуацыі і рэльефу; камеральныя работы — вылічэнні, апрацоўку аэра- і фотатэадалітных здымкаў і пабудову арыгінала карты. Асн. Т.з. — аэрафотатапаграфічная, якая ўключае камбінаваную і стэрэатапаграфічную здымку. Камбінаваная здымка выконваецца мензульным спосабам на фотапланах, якія вырабляюць з аэраздымкаў. Гл. таксама Аэрафотаздымка, Аэрафотатапаграфія, Тапаграфія.
П.П.Явід.
т. 15, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ШКІН Іван Якаўлевіч (н. 12.2.1932, в. Шаламы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1970). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1954). З 1957 працаваў у Полацкім пед. ін-це, з 1959 у Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, з 1999 у Нац. навук.-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. Даследуе дыялекталогію, лінгвагеаграфію, лексікаграфію, лексікалогію, гісторыю бел. літ. мовы, тэрміналогію, анамастыку, тапаніміку, айканімію, сацыялінгвістыку, этнаграфію, фалькларыстыку, краязнаўства. Аўтар прац «Беларускія геаграфічныя назвы: Тапаграфія. Гідралогія» (1971), «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм: Фанетыка» (1979), «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм: Марфалогія. Сінтаксіс» (1980), манаграфіі «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995, у сааўт.). Адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—2, 1977—78; т. 5, 1982), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), укладальнік карт і рэдактар «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98). Дзярж. прэмія Беларусі 2000.
Тв.:
Грибы. Мн., 1986 (з Г.І.Сяржанінай);
Грыбы ў традыцыйнай беларускай кухні. Мн., 1995.
т. 18, кн. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)