ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для падымання і перамяшчэння грузаў і людзей на адносна невялікія адлегласці. Падзяляюцца на грузападымальныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны і транспартавальныя. Бываюць перыяд. дзеяння (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, ліфты, пагрузчыкі, фунікулёры, дамкраты, лябёдкі, талі і інш.) і бесперапыннага (канвееры, ральгангі, транспарцёры, элеватары, эскалатары, прыстасаванні гідраўлічнага транспарту і пнеўматычнага транспарту). Да П.-т.м. адносяцца таксама машыны падвесных канатных дарог і манарэйкавых дарог.

І.І.Леановіч.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына або прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, людзей у вертыкальнай або нахіленай плоскасці. Да грузападымальных машын адносяцца: грузавыя і пасаж. ліфты; пад’ёмныя краны; шахтавыя, скіпавыя, будаўнічыя і інш. пад’ёмнікі, аўтапагрузчыкі, дамкраты, талі, блокі, паліспасты, калаўроты і інш. Для пад’ёму і апускання людзей выкарыстоўваюць клеці і кабіны, для штучных грузаў — розныя крукі і захопы, для сыпкіх — бодні, каўшы і інш.

Грузападымальныя машыны бываюць стацыянарныя і перасоўныя, з прыводам электрычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання і інш. Звычайна складаюцца з каркаса, механізма пад’ёму, грузанясучай канструкцыі. Многія грузападымальныя машыны забяспечваюцца грузазахопнымі прыстасаваннямі, самаходныя — механізмам перасоўвання, паваротныя — механізмам павароту. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да некалькіх сотняў тон.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)