Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),
прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд.балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННАЯ ВАЙНА́,
1) спосаб вядзення баявых дзеянняў з выкарыстаннем заглыбленых зарадаў выбуховага рэчыва (падземных мін) і падкопаў пад крапасныя сцены і мінныя галерэі, каб разбурыць іх. Элементы М.в. выкарыстоўваліся пры аблозе рус. войскамі Казані (1552), пры абароне Севастопаля (1854—55), у рус.-яп. 1904—05 і 1-й сусв. войнах. У 2-ю сусв. вайну тактыка М.в. ўжывалася, напр., у баях за Сталінград, партызанамі і падпольшчыкамі Беларусі, якія ўзарвалі больш за 11 тыс.фаш. эшалонаў, каля 1 тыс. складоў з боепрыпасамі і інш. (гл.Партызанскі рух).
2) Сукупнасць баявых дзеянняў флатоў па ўстаноўцы мінных загарод. У 2-й пал. 20 ст. такія дзеянні наз. «мінназагараджальнымі дзеяннямі» ці «процімінным забеспячэннем».
3) У арміях некаторых дзяржаў (напр., ЗША) пад тэрмінам «М.в.» разумеецца выкарыстанне наземных мін, спосабы процідзеяння выкарыстанню мін праціўнікам і пераадоленне міннаўзрыўных загарод. Тактыка М.в. шырока выкарыстоўваецца ў шэрагу краін пры вядзенні баявых дзеянняў узбр. сіламі і тэрарыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,
сістэма навучання ваеннаслужачых, падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, камандзіраў і штабоў узбр. сіл вядзенню баявых дзеянняў. Забяспечвае: набыццё тэарэт. ведаў і навыкаў баявых дзеянняў; баявую зладжанасць падраздзяленняў, часцей (караблёў) і злучэнняў. Праводзіцца на падставе загадаў міністра абароны, воінскіх статутаў, адпаведных інструкцый і праграм. Аснова баявой падрыхтоўкі — палявая (марская, лётная) вывучка, найважнейшая частка якой — тактычная падрыхтоўка (навучанне спосабам арганізацыі і вядзення бою; гл. таксама Тактыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],
1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.
2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТАРЫ (ад ням. Reiter вершнік, коннік),
від цяжкай кавалерыі ў наёмных арміях Зах. Еўропы, у Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—17 ст. Былі ўзброеныя доўгай шпагай, 2 пісталетамі, ружжом або карабінам, мелі шлем і нагрудныя латы; вялі атаку ў шчыльных баявых парадках. Арганізацыя і тактыка дзеянняў Р. распрацавана Морыцам Аранскім у арміі Нідэрландаў. У пач. 18 ст. Р. паступова выцеснены драгунамі і коннымі егерамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,
строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш.Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.