вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на З ад г. Бабруйск, 135 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст.Такары. 701 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНАТО́ЎСКІ (Усевалад Макаравіч) (19.4.1881, в.Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),
бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл.ЦКБел. сацыяліст грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл.ВРКБССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел.АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф.БДУ. Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВКСССР у 1924, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦККП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел.АН, 16.1.1931 пастановай ЦККП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.
Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.
Тв.:
Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;
Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд.Мн., 1928;
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991.
Літ.:
Ігнаценка І.,Кароль А Усевалад Ігнатоўскі і яго час.Мн., 1991;
У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в.Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».